Дырэктар Добрушскага агракамбіната «Новы шлях» Надзея Грышчанка ведае, як адначасова быць кіраўніком гаспадаркі, самадастатковай асобай і мамай

Пасля размовы з нашай гераіняй разумееш: за кожным вынікам, поспехам стаіць перш за ўсё ўласнае жаданне развівацца, расці, як тое калоссе на палетку.

Акрэсліць шлях

– Нарадзілася я ў Петрыкаве, вучылася ў Гомелі і Маскве, больш за дзесяць гадоў жыла ў Расіі, – тлумачыць суразмоўніца ў перапынках паміж каардынаваннем работы вадзіцеляў і механізатараў. – На той момант я і не задумвалася, што лёс мяне зноў пакліча на радзіму ў Беларусь. Але аднагрупніца прапанавала працаваць у Добрушы, і я вырашыла: паспрабую! Дзеці не стрымалі, наадварот, у першую чаргу думала аб іх: аб тым, што родныя значна бліжэй, што тут прапаноўвалі жыллё, што былі вакансіі на выбар з годнай зарплатай.

Спачатку Надзея Грышчанка працаўладкавалася ў Добрушскае бюро Гомельскага філіяла «Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры». І зноў працэс вучобы. Але ўжо ў той перыяд жанчына зразумела: можна асвоіць любую спецыяльнасць, толькі навука зносін з людзьмі трэба ўсюды.

Свая пазіцыя

Зараз, праз дзевяць месяцаў пасля назначэння на пасаду кіраўніка гаспадаркі, Надзея цвёрда і аргументавана можа загадваць і маладым спецыялістам, і мясцовым старажылам, таму што ёсць аўтарытэт.

– А як правільна паставіць сябе перад пераважна мужчынскім калектывам, каб яны бачылі адразу кампетэнтнага спецыяліста, а ўжо потым жанчыну? – пытаемся ў Надзеі Грышчанка.

Яна ўсміхаецца і адказвае:

– Калі людзі бачаць перад сабой упэўненага энергічнага лідара, які дакладна можа адказаць на іх пытанні, падказаць, тады на другі план адыхо­дзяць стэрэатыпы. Гэтаму мяне навучылі ў «Школе маладога кіраўніка» пры аблвыканкаме.

Шасцімесячныя курсы, прызнаецца дырэктар агракамбіната, далі ёй як тэарэтычныя веды, так і практычнае разуменне працэсаў на фермах, палетках, у рабоце з кадрамі. Надзея Грышчанка з вялікай удзячнасцю называе імя свайго куратара, які шчыра падзяліўся з ёй вопытам і асабістымі напрацоўкамі. Юрый Бажанкоў 20 гадоў кіруе сельгаспрадпрыемствам «Слабадское імя Леніна» Мазырскага раёна, а ў галіне – з 94-га. Суразмоўніца падкрэслівае: ён дзяліўся сакрэтамі прыбытковага вя­дзення гаспадаркі, якія яна паступова ўводзіць у «Новым шляху». Між іншым, на першых парах плячо Надзеі падставілі таксама калегі з «Добрушскага райаграсэрвіса», «Абароны», «Церахоўскага аграхіміка». Тэмп работы на сяле са старта быў напружаным і не зніжаецца.

На парадку дня

Пытаем адзіную жанчыну-кіраўніка сельгаспрадпрыемства на Добрушчыне не толькі пра тое, што ўжо адбылося. Цікавімся і справамі надзённымі: як рыхтуецца ігаўская гаспадарка да зімова-стойлавага перыяду, ці дастаткова нарыхтавана сіласу для 1100 галоў буйной рагатай жывёлы, ці хапае сіласна-сянажных траншэй, аб якіх напярэдадні гаварыў на нарадзе па АПК старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Надзея Грышчанка пачала як раз з апошняй тэмы. По словах аграрыя, у гэтым годзе з дапамогай шэфаў, Добрушскага ДРБУ-150, каля іх малочна-таварнай фермы пабудаваны дзве новыя траншэі.

– Зараз запаўняем кукурузным сіласам другую з іх, – адказвае наша гераіня. – На нас­тупны год у планах яшчэ адна. Трэба думаць на перспектыву, закладваць запас на зіму, маючы ў думках, што яна можа выдацца такой жа халоднай, як мінулая. Значыць, норма харчавання павялічваецца.

Па тым, як блішчаць вочы суразмоўніцы, калі мы абмяркоўваем жывёлагадоўлю, бачна што «гэта яе». Але, як прызнаецца Надзея Грышчанка, на чале гаспадаркі трэба ўнікаць у кожны працэс. І рост валавога ўраджаю зерневых да 6,056 тоны з рапсам таму пацверджанне. Дарэчы, у скарбонцы «Новага шляху» пры новым кіраўніку яшчэ адзін важны паказчык: яго хлебаробы першымі ў Добрушскім раёне завяршылі жніво.

Механізатары з Ігаўкі зараз займаюцца і замацаваннем будучых рэкордаў – азімыя пасеяны прыкладна на палову. Пшаніца і ячмень ужо ў глебе, трыцікале і жыта – у працэсе.

– Дзякуй маім людзям, – адзна­чае Надзея Грышчанка. – Я задаволена сваёй камандай. Так, кожны са сваім характарам, але на тое я і жанчына, каб дзесьці націснуць, а дзесьці і стымуляваць прэміяй.

Пра асабістае

А як жыве наша гераіня па-за рабочым кабінетам?

Як і многія, па словах жыхаркі Харошаўкі, выхоўвае дзвюх дачок, клапоціцца аб любімых кусціках клубніц ды малін, чакае Новы год. І не дзеля падарункаў, лепшымі з якіх яна называе стабільнае жыццё на радзіме і добрае самаадчуванне, а каб падвесці вынікі першага свайго сезону ў якасці кіраўніка. Прааналізаваць усё і зрабіць яшчэ лепш.

– 2026-ты, ён жа Год беларускай жанчыны, лічу, стане адным з самых насычаных і ад гэтага шчаслівых у маім жыцці, – кажа суразмоўніца. – А зямлячкам хачу сказаць: вы можаце значна болей, чым думаеце. Трэба толькі верыць у сябе, не пераставаць вучыцца і працягваць няспынна працаваць. Як і на зямлі: кожнае ваша старанне-насенне прынясе свае плады.

 

Фото Евгения УСТИНОВА