Напярэдадні ў самых хлебасольных установах раёна гатавалі ежу, любімую кожным з суайчыннікаў. Святочную дэгустацыю правялі і ў сталовай фарфоравага завода.
Куточак з нацыянальным каларытам прываблівае не толькі заманлівымі пахамі. Вышытыя абрусы, кампазіцыі з кветак і гародніны дадаюць у гэтую карціну дамашнюю ўтульнасць.
Выключна кулінарныя хіты загадчык сталовай Таццяна Бабраўнічая размясціла на ўваходзе ў зал.
– Гэта каб калегі дакладна не прапусцілі спецыяльныя пазіцыі ў меню, – усміхаецца суразмоўніца. – Сярод таго, што вы бачыце на стале, піражкі з бульбы і класічнага цеста, шанежкі, печаныя яблыкі, каўбасы… У цэнтры гэтага багацця велізарная талерка з дранікамі. Па просьбе завадчан.
Дзясяткі любімых беларусамі страў прыгатавалі вопытныя рукі кухараў з дваццацігадовым стажам Святланы Ямшчыковай, Галіны Сібірка. Свае першыя стравы для патрыятычнай акцыі падрыхтавала і малады спецыяліст Ксенія Пазнякова. Апранутая ў нацыянальны строй дзяўчына з усмешкай прэзентавала фарфарыстам кожны ласунак.
– Смачна! – дае высокую адзнаку якасці прапанаваных страў работнік аховы Ірына Тужыкава. – Мабыць, паспрабую яшчэ ўзвар і тварожныя пончыкі з цукровай пудрай. Трэба падтрымліваць і любіць сваё.
Дарэчы, для таго, каб пачаставаць завадчан стравамі беларускай кухні, спатрэбілася 10 кілаграмаў бульбы, 6 кілаграмаў мукі, 2 кілаграма яблык, кіло сала. Гэта для тых, хто цікавіцца смачнай арыфметыкай.
… Ужо праз паўгадзіны з пачатку дэгустацыі амаль усе талеркі былі пустыя. А для кухараў ДФЗ гэта лепшая падзяка. І пацверджанне: беларуская кухня для нашага чалавека – самая лепшая.
Фота Яўгена УСЦІНАВА
Спецменю фарфарыстам прэзентавалі малады повар Ксенія Пазнякова і работніца сталовай Вольга Раманава



