Душэўнасць і зразумеласць мовы: за што яшчэ чытачы з Уці любяць «Добрушскі край»

У мясцовым аддзяленні паштовай сувязі наведвальнікаў сустракаюць ветліва.

– Для жыхароў аграгарадка пошта даўно стала не толькі цэнтрам па аказанні профільных паслуг, але і магазінам, «філіялам» банка і наогул другім домам, – заўважае гаспадыня ўстановы Святлана Кавалёва.

Сіні гальштук, бэйдж і ветлівая ўсмешка – тое, да чаго звыклі сяльчане, якія часта прыходзяць на пошту, каб аплаціць паслугі, атрымаць пенсію, адправіць грашовы перавод ці пасылку, набыць прадукты і тавары першай неабходнасці. А ў гэтыя вераснёўскія дні работнікі пошты кожнаму прапануюць яшчэ і выпісаць газеты.

– «Добрушскі край» рэкламаваць не патрэбна: людзі любяць выданне за яго асаблівы стыль, даступнасць і зразумеласць падачы інфармацыі і іншае, што робіць яго шчырым і блізкім. Ён сапраўды свой, родны.

Начальнік аддзялення паштовай сувязі расказала, што асабіста ёй падабаецца чытаць пра знаёмых людзей, бачыць іх здымкі на старонках газеты. Нядаўна ў «ДК» надрукавалі фота яе дачкі, і гэта было прыемна, выклікала гонар.

На гэты раз на вокладцы газеты змешчана фота Святланы. Гэта акалічнасць крыху збянтэжыла нашу гераіню: у прафесіі яна толькі трэці год, хаця справа, якую працягвае асвойваць, ёй падабаецца.

– Раней працавала на хлебазаводзе ў Церахоўцы, займалася складаннем накладных і іншых дакументаў, – расказвае паштавік. – Калі прадпрыемства закрылі, давялося шукаць новую работу. Мне пашчасціла працаўладкавацца на іншым месцы, дзе з першых дзён адчула сябе камфортна.

Дакументы нікуды не дзеліся, затое прыбавілася прыемная частка прафесійных абавязкаў – зносіны з людзьмі. Нягледзячы на татальную інфарматызацыю пошта, асабліва ў вёсцы, застаецца месцам прыцягнення. На думку Святланы Кавалёвай, тут асаблівая аўра.

– Моладзь у асноўным даведваецца аб навінах з інтэрнэта, многія глядзяць тэлевізар, але ёсць сярод аднавяскоўцаў і тыя, хто аддае перавагу друкаваным выданням, – заўважае суразмоўніца. – Радуе, калі людзі на працягу доўгіх год выпісваюць любімую газету, знаходзяць у ёй карысную інфармацыю і цікавыя жыццёвыя гісторыі. Заўсёды з задавальненнем афармляем падпіску на «Добрушскі край», бо разумеем, што такім чынам падтрымліваем рэгіянальную прэсу.