Той раніцай на вуліцы Савецкай аграгарадка сабраліся не толькі мясцовыя жыхары. Пра кірмашы, якія праходзяць тут некалькі разоў у год, ведаюць далёка за межамі населенага пункта. Вось і на свята Праабражэння Гасподня ў цэнтры Насовічаў зноў сабраліся шматлікія гандляры і пакупнікі.
У іх ліку – жыхары суседніх вёсак, Церахоўкі, а таксама гамяльчане. Жнівеньскі кірмаш стаў добрай нагодай наведаць малую радзіму для тых, хто па волі лёсу аказаўся далёка ад яе.
Да мерапрыемства падрыхтаваліся вельмі адказна: гандляры прапанавалі ўсё лепшае з таго, што вырасцілі ў агародзе, садзе ці зрабілі сваімі рукамі. Як заўсёды, было многа кветак і дэкаратыўных раслін для афармлення прыдамавой тэрыторыі.
Павышаным попытам карысталіся адборныя яблыкі і грушы, свежы мёд, часнок, вінаград, а таксама агуркі і памідоры. Насаўлянка Ганна Бардылева, напрыклад, вырошчвае таматы некалькіх гатункаў. Жанчына наогул фанат дачных спраў, на яе ўчастку чаго толькі няма, а маліны – цэлая плантацыя.
Бойкі гандаль праходзіў у атмасферы добрасуседства і свята, якое стварылі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Насовіцкага сельскага Дома культуры. Душэўнымі выступленнямі аднавяскоўцаў і гасцей аграгарадка парадавалі Фёдар Грыневіч, Ніна Сакоўская, Марыя Старасек, Святлана Жыхарава. Пакупнікі неслі з кірмаша не толькі поўныя кошыкі, але і ўпэўненасць у тым, што восень будзе сытай, добрай і прыгожай.



