Стэнды з падсветкай, правілы арфаграфіі на прыступках. Што яшчэ новага ўбачаць у першы дзень заняткаў кармянскія школьнікі

Падрыхтоўкай установы адукацыі да пачатку навучальнага года пацікавіліся журналісты «Добрушскага краю». Дырэктар Кармянскай сярэдняй школы Кацярына Балюнова запрасіла на экскурсію па абноўленых памяшканнях.

Лесвіцы з формуламі і шчыты з падсветкай

– Не магу ўтрымацца, каб не пахваліцца нашымі інфармацыйнымі стэндамі, – інтрыгуе кіраўнік.

Пакуль услед за дырэктарам паднімаліся па лесвіцы, успомнілі ветлівыя словы, правілы арфаграфіі і нават хімічныя формулы: карысную інфармацыю нанеслі на бакавіны прыступак. Свежая фарба блішчыць, як люстэрка, на такую паверхню і наступаць шкада.

– Гэта наш тэхнічны персанал пастараўся, – заўважае Кацярына Балюнова. – Вось дзе на ўсе рукі майстры: і сцены пафарбавалі, і столь.

Галоўны аб’ект, які нам вырашылі паказаць, знаходзіцца ў калідоры другога паверху. Аб’ёмныя стэнды з празрыстага матэрыялу ў абрамленні святлодыёднай стужкі сапраўды выглядаюць стыльна і выразна. Аказалася, іх сабралі з гатовых элементаў самі педагогі – так намнога танней, чым купіць каструкцыю цалкам.

І маляры, і мастакі

Дзеля эканоміі фінансавых сродкаў работнікі школы многае зрабілі сваімі сіламі. Атрымалася прыгожа і арыгінальна. У многім дзякуючы творчым натурам настаўнікаў. Кожны кабінет і клас аформлены так, што і без шыльды на дзвярах можна зразумець, які прадмет тут вывучаюць. Напрыклад, гаспадыня кабінета рускай мовы Любоў Траянава ўпрыгожыла сцены «матылькамі» і іншымі інтэр’ернымі наклейкамі, партрэтамі пісьменнікаў, класным куточкам, рэтрашафамі са слоўнікамі і мноствам вазонаў з жывымі раслінамі.

У кабінеце геаграфіі нам спадабалася незвычайная сістэма захоўвання атласаў і намаляваная на ўсю сцяну карта Гомельскай вобласці з дзвюма яркімі кропкамі: Добруш і Карма.

– Наш загадчык па гаспадарчай частцы Таццяна Алампіева не толькі ўмее дакладна вызначыць маштаб рамонтных работ, колькасць неабходных грошай і матэрыялаў, але валодае яшчэ і мастацкімі здольнасцямі, – расказвае дырэктар школы.

Неабыякавасць – галоўны капітал

На думку Кацярыны Балюновай, у калектыве шмат нераўнадушных людзей, якія не шкадуюць вольнага часу і сіл, каб унесці лепту ў стварэнне камфортнай атмасферы ў роднай школе. Значную дапамогу ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года аказалі шэфы: сельгаспрадпрыемства «Абарона» традыцыйна выдзяляе школе будматэрыялы – ад цвікоў да фарбы. Не застаюцца ў баку і суседзі: са Свята-Пакроўскім храмам і жаночым манастыром існуюць даўнія сяброўскія сувязі.

Зазірнулі мы і ў сталовую, што сумешчана з актавай залай. Там прасторна, светла, а яркае «адзенне» сцэны стварае асаблівую ўтульнасць. На ўваходзе – радок рукамыйнікаў і некалькі сушылак. Усё спраўнае, гатовае да выкарыстання.

– Тэхналагічнае абсталяванне на кухні сучаснае, дазваляе гатаваць стравы хутка, смачна і карысна для дзіцячага арганізма, – адзначае Таццяна Алампіева.Галоўнае ж, як лічыць адміністрацыя школы, што дах не працякае, у вокны вецер не задувае. Гэта бяспека дзяцей. А стварэнне камфорту – справа, з якой калектыў справіўся на «выдатна». Доказ таму – нядаўняя прыёмка спецыяльнай камісіяй, якая ў Кармянскай СШ прайшла без заўваг. У Дзень ведаў за парты сядуць 172 вучні, 16 з якіх, па папярэдніх звестках, упершыню. У тым, што яны будуць адчуваць сябе як дома, педагогі не сумняваюцца.