«Бацькава кашуля» для Захара, Назара і Валерыі: у Добрушы шмадзетным бацкам уручылі ўнікальныя падарункі

Асаблівая ўрачыстасць адбылася ў аддзеле ЗАГС Добрушскага райвыканкама. Сем’і Алены і Яўгена Шышлаковых і Юліі і Аляксандра Ларчанка атрымалі ўнікальныя падарункі – «Бацькаву кашулю» – у гонар нараджэння трэцяга дзіцяці.

Гэта падзея стала не проста цырымоніяй рэгістрацыі новых членаў сем’яў, а сапраўдным святам, якое адлюстроўвае каштоўнасць сямейных традыцый.

«Бацькава кашуля» – абярэг для дзіцяці, які будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. Бацькі прынялі куфэрачкі з кашулямі з рук намесніка старшыні райвыканкама, старшыні Добрушскага раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Алены Раздуевай, якая таксама ўручыла шматдзетным бацькам падарункі, а мамам – букеты кветак.

У сям’і Ларчанка ужо выхоўваюцца дачка Вераніка і сын Арцём. Алена ж з Яўгенам стаць шматдзетнымі ў гэтым годзе не планавалі. Дагэтуль у іх быў адзіны сын – дзесяцігадовы Лук’ян. Так сталася, што Алена нарадзіла двайнятак і ў сям’і зараз тры сыны. Хто трэці – Захар ці Назар – ні бацькі, ні арганізатары акцыі не высвятлялі. Таму кашуляў у сям’і таксама будзе дзве.

Алена Раздуева пажадала бацькам і іх дзецям моцнага здароўя, шчасця, узаемаразумення і прачытала тое самае паданне пра бацькаву кашулю, якое знаходзіцца ў кожным куфэрачку. Твор сімвалізуе духоўную пераемнасць, любоў да роднага краю і выконвае ролю магічнай абароны для нованароджаных.

Нагадаем: праект «Трэці – Бацькаў» закліканы ўшаноўваць шматдзетныя сем’і і адра­джаць спрадвечныя беларускія звычаі. З’явіўся ён па ініцыятыве Беларускай партыі «Белая Русь», звязаны з Годам беларускай жанчыны і накіраваны на падтрымку дэмаграфіі, умацаванне сямейных каштоўнасцей і павышэнне прэстыжу шматдзетнай сям’і.

Фота Яўгена УСЦІНАВА