Дабрушане паразважалі, якую прафесію ім было б цікава паспрабаваць

1 Мая па традыцыі на Добрушчыне будуць услаўляць людзей працы. Настаўнік, урач, бібліятэкар, фарфарыст, аператар кардонаробчай машыны… Вакол нас столькі цікавых спраў, што калі-нікалі хочацца хоць на дзянёк пераключыцца на зусім іншы від дзейнасці, паспрабаваць сябе ў цікавай прафесіі.

«Калі б гэта было магчыма, кім бы вы сталі на 24 гадзіны?» – спыталі мы ў землякоў. Адказы атрымалі зусім розныя, а часам і нечаканыя.

Святлана РАЖКОВА, прыёмная маці, Агародня:

– Не паверыце, але з безлічы прафесій я б хацела пратэсціраваць прафесію ваеннага. І справа не ў іх прыгожай форме з залатымі эпалетамі (смяецца).

Усё ж да сённяшняга дня абараняць Радзіму ў большасці сваёй імкнуцца мужчыны. Але і жанчыны таксама не менш аддана любяць родны край! Была б гатова і да няпростай фізічнай падрыхтоўкі, і да начных дзяжурстваў.

Я заўсёды была ў захапленні, заўсёды схіляла галаву перад подзвігам нашых дзядуль і бабуль. Мы і далей будзем зберагаць мір, што яны нам заваявалі, адстойваць свае каштоўнасці, гістарычную праўду.

Васілій СКАРАБАГАТЫ, муляр, Добруш:


– Ведаеце, а я задаволены сваёй справай, хоць яна і фізічна складаная.

У юнацтве планаваў звязаць жыццё з работай у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Хацеў лю­дзей ратаваць. Заўсёды была такая душэўная патрэба прыходзіць на дапамогу блізкім. Не склалася, таму што не прайшоў камісію па здароўі. Але і цяпер, калі на вуліцах горада сустракаю чырвоную машыну, што імчыць на выклік, адчуваю хваляванне і ўдзячнасць да ратаўнікоў за іх пачэсную працу.

Любоў ІОСКІНА, пенсіянерка, Насовічы:


– Цікавае пытанне. Гаворыце, любую прафесію можна «прымераць»? Нават абдымальніка панд і даследвальніка Арктыкі? Кожная справа па-свойму займальная, кожная для чагосьці патрэбна. Але для мяне лепш той, якую я выбрала 40 гадоў таму, няма і зараз.

Чатыры дзесяцігоддзі працавала бухгалтарам. За гэты час прайшла шлях ад чалавека, які толькі асвойвае лічыльнікі, да майстра, які можа аўтаматычна праводзіць падлік у галаве.