Вада, зямля і чалавек: меліяратары Добрушчыны адзначаюць прафесійнае свята

Як удакладніў кіраўнік «Добрушскага ПМС» Уладзімір Паўлюкоў, для нашага краю меліярыраваныя плошчы маюць асобае значэнне.

– Гэта сотні гектараў урадлівай зямлі, што дзякуючы работнікам прадпрыемства розных гадоў зараз даюць ураджаі, – падкрэсліў ён. – Меліяратары робяць свой уклад у эфектыўнае функцыянаванне сістэмы аграпрамысловага комплексу раёна, калі забяспечваюць належны стан меліярацыйных каналаў, шлюзаў ды іншых аб’ектаў.

Па словах суразмоўніка, з пачатку года ў краіне прынялі новую дзяржпраграму «АПК будучыні», у якой важнае месца надаецца менавіта правядзенню рэканструкцыі і абслугоўванню сістэм, што падпарадкаваны ў тым ліку добрушскім спецыялістам. На рэалізацыю праграмы па Добрушскім раёне выдзелена 2,7 мільёна рублёў, што на 10 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе.

– Працы многа. Гэта і культуртэхнічныя работы, і ачыстка каналаў ад глею, кустоў, іх абкоска, рамонт водарэгулюючых збудаванняў, – пералічыў суразмоўнік. – Але мы справімся. Ёсць кадры, гэта галоўнае. Дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята я выканаў прыемную місію: павіншаваў калег і ўзнагародзіў перада­вікоў калектыву ганаровымі граматамі Дзяржаўнага аб’яднання «Гомельмелі­а­водгас». Узнагароды атрымалі начальнік участка Леанід Лесавіцкі і вадзіцель пагрузчыка Анатоль Воўк.