«Для чаго перакрылі шлях да СШ №3 Добруша і паднялі асфальт на ўездзе?»

З такім пытаннем у рэдакцыю звярнулася некалькі чытачоў. Асноўныя прэтэнзіі – нязручна вадзіць дзяцей у школу, дабірацца да знаёмых.

Праверылі ўсё на месцы. У пачатку вуліцы стаяць мэталічныя агароджы з таблічкай «Аб’езд», далей – суцэльная яміна на шырыню дарожнага палатна. Праз «прорву» перакінуты драўляны масток з пярыламі. Бачна, што за некалькі дзён дабрушане намасцілі сабе шлях уздоўж плота хлебазавода і далей да школьнай брамы.

Паабапал шматкватэрных дамоў на вуліцы Хлуднева таксама агалілі трубы ацяплення. Для чаго?

Па экспертны каментарый мы звярнуліся да старшыні структурнага падраздзялення «Добрушскае аб’яднанне кацельняў і цеплавых сетак» прадпрыемства «Добрушскі камунальнік» Сяргея Шасцерына:

– Зараз на вуліцы Хлуднева ў Добрушы праходзіць маштабная рэканструкцыя цеплавых сетак. Працуем над заменай труб ацяплення. Старыя металічныя служылі амаль шэсцьдзесят гадоў і маюць вялікую ступень зносу, таму тут час ад часу здараліся парывы. Замест старых канструкцый рабочыя падключаць да цеплатрасы гнуткія перадізаляваныя трубы. Іх галоўныя перавагі: бестраншэйная пракладка, адсутнасць карозіі, мінімальныя цепластраты і высокая хуткасць мантажу. Дакладныя тэрміны заканчэння работ не назаву, але брыгада працуе тут штодня і максімальна хутка.

Усе гэтыя работы камунальнікі вядуць як частку вялікага комплексу падрыхтоўкі да наступнага ацяпляльнага сезону. Суразмоўнік удакладніў: у плане рэканструкцыі найбольш праблемных участкаў цеплатрас райцэнтра таксама ёсць сумежныя вуліцы, напрыклад, Чапаева. Сродкі на мадэрнізацыю ацяпляльнай сістэмы Добруша выдзелены з абласнога бюджэту.