Пад Мар’іна Добрушскага раёна ўдзельнікі аб’яднання «Ніколі не забудзем» распачалі першы ў сезоне палявы выезд

Мэта пошуку – знайсці месца пахавання загінулых танкістаў, аб якім расказаў адзін з мясцовых жыхароў. На жаль, пасля апошняй буры лясны масіў ператварыўся ў джунглі. Арыентавацца на мясцовасці даволі складана. Дапамагаюць металадэтэктар і паўтараметровы шчуп.

– Традыцыйна вясной пачынаем падрыхтоўку да будучых Вахт памяці, – расказаў старшыня савета абласнога грамадскага пошукавага аб’яднання Мікалай Басянкоў. – Зімой займаемся работай у архівах, вывучаем дакументы воінскіх падраздзяленняў, якія ўдзельнічалі ў абароне Добруша ў 1941 годзе, спісы страт, схемы пахаванняў. Паводле гэтых звестак і плануем палявыя выхады.

Нагадаем: Вахта памяці каля Мар’іна арганізуецца штогод. І кожны раз заканчваецца падняццем загінулых чырвонаармейцаў. Гэтаму папярэднічаюць доўгія дні работы на мясцовасці, рэкагнасцыроўка, прывязка фотаздымкаў нямецкай аэраразведкі да сучасных рэалій.

– Гэта толькі здаецца, што дастаткова знайсці ў архіве схему палявога пахавання і прывязаць яе да мясцовасці, каб падаць пошукавы ліст у ваенкамат, а потым з байцамі спецыялізаванага батальёна падняць салдата, – дзеліцца думкамі адна з актыўных удзельніц пошукавай работы Марыя Былёнак. – На самой справе на вахтах даводзіцца больш працаваць рыдлёўкай, чым весці пошук.

Сёлета аб’яднанне «Ніколі не забу­дзем» падала ў ваенкамат шэсць пошукавых лістоў: па тры ў Добрушскім і Веткаўскім раёнах. Значыць, перспектыўныя месцы брацкіх і адзіночных пахаванняў вызначаны. Плануецца правядзенне працяглай міжнароднай Вахты памяці сумесна з 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам.