У Добрушы з’явіўся інклюзіўны інструментальны ансамбль. Што стала штуршком?

Наведвальнікі аддзялення рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – людзі творчыя і натхнёныя. Яны ўмеюць іграць на розных народных інструментах, сваё майстэрства дэманстравалі на міжнародным фестывалі «Мы разам».

Праўда, састарэлыя лыжкі ды бубны не дазвалялі дабіцца яркага гучання. Выхад знайшоўся – конкурс валанцёрскіх міні-ініцыятыў, які штогод праводзіць абласное аддзяленне Беларускага Чырвонага Крыжа.

– Ён накіраваны на падтрымку калектываў, якія актыўна супра­цоўнічаюць з таварыствам і працуюць з асаблівымі людзьмі, – расказала «ДК» лідар раённай арганізацыі Вольга Загараднюк. – Разам са спецыялістамі цэнтра мы вызначыліся з тэматыкай ініцыятывы, рэпертуарам інклюзіўнага ансамбля і тым, што неабходна для яго будучых выступленняў перад публікай.

Журы імпанавала імкненне дабрушан папулярызаваць творчасць людзей з інваліднасцю, і вось вынік – міні-праект ТЦСАН выбралі пераможцам з амаль 30 намінантаў з усёй вобласці. Гомельскі Чырвоны Крыж выдаткаваў паўтары тысячы рублёў на набыццё музычных інструментаў і машынкі, з дапамогай якой для ўдзельнікаў ансамбля можна будзе шыць прыгожыя канцэртныя касцюмы.

«Абноўкі» – ужо ў цэнтры, а наведвальнікі паспелі ацаніць, як гучаць сучасныя бубны, ксілафон, драўляныя лыжкі, маракасы, тамбурын і калімба.

– Ні ў якое параўнанне з тымі, што ў нас былі раней, – запэўнівае загадчыца аддзялення Наталля Пахомава. – Прыгожыя, звонкія, трымаць іх у руках – ужо задавальненне.

А музычны кіраўнік Святлана Музыкіна не нарадуецца такой неабходнай для дырыжора рэчы, як пюпітр. Мы ж з цікавасцю назіралі за стараннямі маладых людзей на рэпетыцыі аркестра. «Полька беларуская», «Лявоніха» – у рэпертуары калектыву будуць народныя, добра знаёмыя мелодыі. Слухачамі стануць не толькі госці ўстановы, але і дзеці з цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, пацыенты спецыялізаваных пансіянатаў Гомельскай вобласці. Творчага натхнення і жадання радаваць людзей асаблівым музыкантам не займаць.

Фота Яўгена УСЦІНАВА