Напярэдадні спаборніцтва юных зорачак сцэны сабрала больш за 120 дзяцей у раённым Палацы культуры.
Як расказала мастацкі кіраўнік установы культуры Вікторыя Яўдошанка, за тры першыя месцы і Гран-пры конкурсу дзеці змагаліся ў трох намінацыях: «Салісты-вакалісты», «Вакальныя ансамблі», «Харэаграфія».
– Вядома ж, унутры кожнай намінацыі дзеці выступалі па ўзростах, каб спаборніцтва было максімальна аб’ектыўным, – падкрэсліла суразмоўніца. – Конкурс кожны раз праходзіць феерычна, і гэты – не выключэнне. Больш трыццаці нумароў ад узвышана-патрыятычных да забіяцка-вясёлых пакарылі і журы, і гледачоў.
– Раённы Палац культуры і ўвесь райцэнтр зарадзіўся пазітыўнай энергіяй таленту, – падкрэсліла падчас узнагароджання лепшых дырэктар Палаца культуры Раіса Мядзведзева. – Ганарымся кожным выступленнем, дзякуем педагогам за падрыхтоўку і выхаванне такіх крэатыўных рабят. І памятайце: перамаглі ўсе, бо нягледзячы на хваляванне дзеці падарылі нам свае шчырыя песні і танцы.
Уручылі канкурсантам у гэты раз і дзве асаблівыя ўзнагароды: прыз сімпатый журы атрымаў танцавальны калектыў «Спляценне», прыз глядацкіх сімпатый – церахаўчанін Цімафей Кандраценка.
Лёс Гран-пры «Музычнага Алімпа – 2026» вырашылі так: за кампазіцыю «Чырвоны конь» узнагарода дасталася юнаму выхаванцу школы мастацтваў Добруша Мікіце Шабаліну.




