Падзелімся назіраннем: у апошні час людзі быццам саромеюцца сказаць добрае слова іншаму. Падысці да суседкі і адзначыць яе новую прычоску, ад якой яна пахарашэла? Ды ніколі! Пахваліць таго, хто ветліва вас абслужыў і пажадаць удалага дня? Раз-пораз. Бадай, толькі блізкім можна сказаць шчырае: «Ты – прыгажуня!»
Ці мы перабольшваем? Меркаванні дабрушан дапамогуць высветліць ісціну.
Вікторыя СОЦКАЯ,кантралёр раёна газазабеспячэння:
– Сабе раблю (усміхаецца). Гэта цудоўна дапамагае з раніцы настроіцца на новы рабочы дзень. Памятаеце, як у фільме «Самая абаяльная і прывабная»? Праверана, аўтатрэнінг ад гераіні Сусаны сапраўды працуе.
Вельмі важна падтрымліваць сябе. Я не гавару пра нарцысізм, але трэба зразумець – сапсаваць нам настрой не можа ніхто, калі мы гэтага не дазволім.
Да таго ж кампліменты ўплываюць на нашу самаацэнку. Яны падобныя на паліва ў печцы – «сілкуюць» псіхіку пазітывам.
Таму любіце сябе, пестуйце, і свет усміхнецца вам у адказ.
Уладзімір МАРКЕВІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна:
– Калі вынесці за дужкі, што родных я не абдзяляю ўвагай ніколі, то часта як кіраўнік падтрымліваю словамі павагі жанчын свайго калектыву. Стараюся заўважаць іх працоўныя поспехі, працавітасць.
Прыклад для мяне ў плане прыгожага выражэння пачуццяў да жанчын – грузіны. Калі вучыўся ў Мінску, не раз бачыў, як аднакурснікі без сораму маглі падысці да любой маёй аднагрупніцы, пацалаваць руку і сказаць: «Як ты сёння міла выглядаеш!» Вядома, на Каўказе іншы менталітэт. І там з малаком маці ўбіраюць павагу да прыгожай паловы чалавецтва.
Іван СІРОТКІН, работнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №2:
– На першым месцы па частаце атрымання маіх кампліментаў – дзяўчына і маці. Абедзвюх шчыра люблю, таму стараюся гаварыць ім аб гэтым як мага часцей.
Словы самі просяцца з вуснаў, калі яны гатуюць мае любімыя стравы, падтрымліваюць захапленні, дораць клопату будні і ў святы. Таму ў адказ хочацца падзякаваць, паказаць, што я шаную і бачу іх старанні.
І Даша, і матуля Людміла Мікалаеўна літаральна квітнеюць, калі чуюць ад мяне кампліменты з нагоды іх знешняга выгляду, удала падабранай сукенкі альбо стрыжкі, якая вельмі пасуе.
А вось незнаёмым людзям магу толькі падзякаваць за дапамогу ці паслугу.
Маргарыта ГУТАРАВА, загадчык магазіна адзення:
– Гавару такія важныя словы кожнаму пакупніку. Пераважная большасць тых, хто цікавіцца нашымі навінкамі і хітамі, – дзяўчаты, жанчыны і дабрушанкі сталага ўзросту. З гэтай прычыны заўсёды хочацца чалавеку дапамагчы з выбарам, падказаць нешта, а потым усміхнуцца і выказаць добрыя пажаданні.
Дарэчы, у адказ таксама нярэдка прымаю цёплыя словы. Гэта акрыляе!
Таму напярэдадні галоўнага жаночага свята заклікаю ўсіх віншаваць адзін аднаго, праяўляць да людзей шчырую ўвагу і рабіць кампліменты жанчынам і мужчынам. Кажуць, што добрае слова і кошцы прыемна. А я дадам: чалавеку ўдвая.
Фота Яўгена УСЦІНАВА




