Педагог Кругавец-Калінінскай СШ Добрушскага раёна пакарыла журы абласнога конкурсу прафсаюзных лідараў і ўвайшла ў лік пераможцаў

Як падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Грамыка, гэта безумоўна заслужаны вынік.

– Конкурс маштабны, сур’ёзны, прымеркаваны да 105-годдзя рэспубліканскай арганізацыі. У ім прынялі ўдзел усе раённыя пярвічкі Гомельшчыны. Гэта больш за трыццаць удзельнікаў. Кожны – з арыгінальнымі задумкамі, крэатывам і добрым веданнем практычнай базы. Але наша Таццяна Мануілава, насамрэч, адразу вылучалася. І ў фінале, што адбыўся напярэдадні, ёй таксама горача апладзіравалі за творчы падыход да выступлення.

Чаму так шчыра калегі-сапернікі і журы прынялі прадстаўніцу Добрушскага раёна? Мабыць, таму, што яна кранула ў іх сэрцах струны патрыятызму, зрабіўшы «візітку» на роднай мове. Да мурашоў!

Потым былі этапы на веданне прафсаюзнай прававой базы, законаў, статута арганізацыі, дзе Таццяна Мануілава дала не толькі правільныя, але і вычарпальныя адказы. Выніковае трэцяе месца сведчыць, што педагог і яе група падтрымкі выклаліся на сто працэнтаў, і гэта заўважылі, ацанілі.

– Дыплом і грашовае заахвочванне для лідараў змагання былі прыемным момантам, – адзначыла Валянціна Грамыка. – Але акрамя таго Таццяна падкрэсліла: конкурс падарыў ёй безліч прыемных знаёмстваў, творчага натхнення і станоўчых уражанняў.