Энергічныя найгрышы на баяне чуюцца ўжо з парога сельскага Дома культуры. Гэта адразу ўзнімае настрой і пацвярджае: у гэтых сценах жыве музыка нават у самы звычайны дзень.
– Скора мае калегі па творчым «цэху» збяруцца на рэпетыцыю, – расказвае кіраўнік народнага хору «Жывіца» Марыя Старасек. – Наперадзе ў нас – вельмі хвалюючая падзея: у чарговы раз будзем пацвярджаць ганаровае званне нашага калектыву. Сёлета споўніцца 35 год, як яго нам прысвоілі. Падрыхтоўку да адказнага выступлення ў Рэчыцы пачалі загадзя. У канцэртнай праграме будуць як знаёмыя, так і новыя песні. Каб вывучыць усе вакальныя партыі, часу патрабуецца многа.
«Жывіца» вяртае маладосць
Удзельнікі хору – людзі паважанага ўзросту, самай вопытнай з іх – 80 год. Такая адданасць калектыву і песеннай творчасці, на думку кіраўніка, дарагога каштуе.
– Спевы для нас – не забава і не спосаб правядзення вольнага часу, а сур’ёзны, можна сказаць, прафесійны занятак, нягледзячы на тое што хор складаецца з аматараў музыкі і народнай песні, – заўважае насаўлянка.
У самой Марыі Старасек, дарэчы, ёсць музычная адукацыя – яна скончыла ў свой час музычна-педагагічнае вучылішча ў Гомелі. Іншага выбару прафесіі, як кажа суразмоўніца, у яе практычна не было, бо яна – з пеўчай сям’і.

– Мы з сёстрамі з маленства ставілі дома канцэрты, у якіх самі былі і хормайстрамі, і выканаўцамі, – з усмешкай успамінае жанчына. – Вось мне і захацелася навучыцца самой распрацоўваць партыі, раскладваць іх на галасы.
Жаданне збылося, і цяпер яна не толькі кіраўнік хору, салістка, але яшчэ і акампаніятар. Ігру на баяне таксама асвоіла ў вучылішчы. Як толькі паступіла, бацькі купілі ў камісійным магазіне інструмент, каб іх музычна адораная дачка магла займацца дома. З таго часу Марыя Старасек з баянам амаль не развітваецца. А «жывое» выкананне стала адной з фішак насовіцкага калектыву.
– На Гомельшчыне ёсць іншыя хоры са званнем «народны». Нават у нашым раёне такіх два, акрамя нас. У кожнага – свой стыль і манера, якія робяць іх асаблівымі і непаўторнымі. Мы, напрыклад, ганарымся тым, што стараемся захаваць старадаўнія песні, бо ў іх – шырокая і шчырая душа нашага народа, – кажа культработнік з 50-гадовым стажам працы ў галіне.
Каб не згасаў культурны агеньчык
У Насовіцкі сельскі Дом культуры яна прыйшла па размеркаванні. Разам з мужам, якога, дарэчы, сустрэла падчас вучобы і які загарэўся жаданнем аб’яднаць аднавяскоўцаў у адмысловы харавы калектыў. За 40 год яго існавання састаў мяняўся, але і сёння ў «Жывіцы» спяваюць некалькі жанчын, якія былі каля яе вытокаў. Гэта Тамара Трушчанка, Зінаіда Петрусевіч, Марыя Аднавочка, Людміла Палюховіч і іншыя. На жаль, Барыса Пятровіча, які доўгі час кіраваў хорам, ужо няма сярод нас. Аднак яго натхнёнасць і вера ў поспех сваёй справы і зараз акрыляе людзей, якія яго ведалі і паважалі, прыслухоўваліся да кожнага яго слова на рэпетыцыях і канцэртах.
– Тое, што «Жывіца» жыве і радуе сваёй творчасцю людзей, – агульная заслуга ўсіх, хто неабыякавы да беларускіх традыцый і культуры, – адзначае Марыя Старасек. – Калі спяваем і бачым на тварах гледачоў шчырыя эмоцыі, адчуваем іх падтрымку, тады яшчэ больш пераконваемся, што робім нешта важнае і блізкае кожнаму. У такія моманты мне хочацца нізка пакланіцца перш за ўсё маім дзяўчатам: за іх стараннасць, малады запал і гарачыя сэрцы.
Каб традыцыя не перарвалася, кіраўнік калектыву клапоціцца пра пераемнасць пакаленняў выканаўцаў. На заняткі ў гурток сольных спеваў прыходзяць школьнікі. А некаторыя ўдзельніцы хору бяруць з сабой на рэпетыцыі і вясковыя святы сваіх дзяцей і ўнукаў. Прадстаўнікі Насовіцкага СДК штогод удзельнічаюць у раённым конкурсе «Музычны Алімп». Іх настаўнік марыць, што мясцовыя зорачкі вырастуць, атрымаюць адукацыю і вернуцца маладымі спецыялістамі ў родную вёску. Каб культурны агеньчык і надалей саграваў душы сяльчан і ў святы, і ў будні.
