На раніцу панядзелка па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ў раёне пасеяна 83 працэнта яравых зерневых ад запланаванага. Да фінішу сяўбы засталіся лічаныя дні. Тэхніка з адных сельгаспрадпрыемстваў аператыўна накіроўваецца на палеткі суседзяў.
– Удзячны кіраўніцтву «Калінінскага» за моцную падтрымку, – расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Крупец» Наталля Білотас. – Дзве іх сеялкі разам з трактарамі сёння працуюць на нашых палях. Акрамя таго пераростаўцы дапамагаюць у падрыхтоўцы глебы, унясенні ўгнаенняў.
Энерганасычаны Magnum Case, здаецца, з лёгкасцю цягне за сабой сеялку «Амазон» з шасцімятровым захопам. За рулём – Андрэй Кастрыкін. Для яго гэта 11-я пасяўная. Кажа: колькі год трактару, столькі і сезонаў вясновай сяўбы.
– Няважна, на чыіх палетках зерне ў глебу кідаць, – разважае ён. – Усё роўна ўраджай у агульны каравай раёна і вобласці пойдзе. Тэмпы работ крыху прыпыніла дрэннае надвор’е, аднак за дзень-два «даб’ём» апошнія гектары.
На крупецкіх землях механізатар «Калінінскага» працуе зранку і амаль да цемры. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: арганізавана засыпка зерня ў агрэгат, сюды ж дастаўляюць полуднікі і абеды. Падсілкаваўся – і зноў у поле.
На пачатак тыдня яравую сяўбу скончылі 5 гаспадарак раёна. Каля 20 працэнтаў плошчаў заставалася засеяць крупчанам, столькі ж – кармянцам. Вышэй за планавыя лічбы адсеяліся хлебаробы з «Калінінскага», «Уцеўскага».