Якіх адкрыццяў жыхары Добрушчыны чакаюць ад айчынных навукоўцаў

Зараз у Мінску праходзіць грандыёзная выстава «Мая Беларусь». Гэта не толькі дэманстрацыя самых свежых ідэй і вынаходстваў, якімі ганарыцца краіна, але і пагружэнне ў сам працэс стварэння новага. У кожнай галіне прадстаўлены перадавыя распрацоўкі, зробленыя рукамі навукоўцаў.

Напярэдадні прафесійнага свята беларускіх вучоных журналіст «ДК» спытала дабрушан, якіх яшчэ інавацый яны чакаюць ад светлых розумаў краіны.

Алена КРАСЮК, кіраўнік справамі сельвыканкама:

– Мяне турбуюць некалькі праблем. Адна з іх – пера­пра­цоўка другасных камунальных рэсурсаў. Лічу, што трэба распрацаваць агульныя метады пераўтварэння непатрэбнага ў карыснае і зрабіць іх агульнадаступнымі. Напрыклад, пабудаваць больш смеццеспальваючых заводаў, якія пры гэтым не будуць дрэнна ўплываць на наша здароўе. Ці, можа, вынайсці такія сродкі, каб за некалькі гадзін тая ж папера станавілася ўгнаеннем.

Таксама чакаю новых ра­шэн­няў ад нашай хімічнай прамысловасці. У прыватнасці, вытворцаў парфума. Галоўная праблема – любімы пах хутка выветрываецца. Спадзяюся, вучоных зацікавіць тэма стойкасці духоў. Яны дапамогуць сотням жанчын па ўсім свеце!

Алена КАЛЯНЧУК, бібліятэкар:

– Як раз пару дзён таму гля­дзела сюжэт у навінах аб выставе «Мая Беларусь» і здзіўлялася, колькі работнікі акадэміі навук навыдумлялі. Асабліва мяне ўразіла экспазіцыя, прысвечаная дасягненням у вытворчасці прадуктаў харчавання. Фіялетавы хлеб! Гэта неверагодна. Як і ружовы маянэз, каўбасы з дзічыны, новыя віды сыроў ды іншай «малочкі».

Дарэчы, чаму б не ўвасобіць у жыццё ідэю зялёных знешніх кансервантаў? Часта нас пужаюць інфармацыяй аб тым, якой «хіміяй» абпырскваюць садавіну ці гародніну. Таму трэба знайсці такія рэчывы, якія будуць не толькі эфектыўнымі, але і карыснымі для арганізма чалавека.

Віктар ШКУРКО, пенсіянер:

– Я б падумаў у бок аўтамабілебудаўніцтва ды ўтрымання дарог. Як раз разважаў на тэму таго, чым бы такім маглі пасыпаць трасы дарожнікі, каб паверхня ачышчалася ад наледзі і пры гэтым не псавалася днішча машыны.

Калі прыдумаюць новую легкавушку ці сельгасагрэгат – таксама добра будзе. Сам шмат гадоў працаваў у гаспадарцы, таму жадаю моладзі, якая прыйшла пасля мяне, атрымаць механічных памочнікаў новага пакалення. Работа на зямлі чалавеку заўсёды знойдзецца, а сучасныя беларускія машыны дапамогуць зрабіць будні аграрыяў больш камфортнымі.

Валерый ТАЛАКНЯНІК, вадзіцель:

– Дайце хвілінку на роздум. Хутчэй за ўсё – касмічных. Пасля таго, як Марына Васілеўская адкрыла для краіны новую эпоху асваення космасу, на арбіту планеты запусцілі адразу два айчынныя спадарожнікі, мару, каб усё развівалася надалей.

А яшчэ – здароўе чалавека. Вучоныя па ўсім свеце змагаюцца з невылечнымі хваробамі, распрацоўваюць новыя вакцыны і спосабы абароны ад вірусаў. Але «магічнай» таблеткі ад галаўнога болю, да прыкладу, і сёння не існуе. Як і механізма прадаўжэння жыцця хаця б да 150–200 гадоў. Фантастыка? Але калісьці і мабільныя тэлефоны ды ракеты былі такімі. Таму веру ў нашых навукоўцаў і жадаю ім у прафесійнае свята прарыўных ідэй і геніяльных адкрыццяў.

Фота Яўгена УСЦІНАВА