Нягледзячы на прафесію машыніста-качагара работніку кацельні «18 квартал» Людміле Смірновай не даводзіцца кідаць у топку бярвенні, уручную круціць вентылі заслонак.
Пасля апошняй мадэрнізацыі, калі аб’ект ператварыўся ў камбінаваны, на якім выкарыстоўваецца як газ, так і дранка, аператарам даводзіцца больш працаваць з блакнотам.
– Кожныя дзве гадзіны здымаем паказанні па 11 параметрах і фіксуем іх на паперы, – расказала жанчына. – У асноўным гэта тэмпература і ціск вады, газу, навакольнага асяроддзя.
Цікавімся, як паўплывала анамальна нізкая тэмпература на вуліцы на работу кацельні.
– Усё ідзе ў штатным рэжыме, – паведамляе аператар. – Абсталяванне ў нас аўтаматызаванае. Падтрымліваем тэмпературу цепланосьбіта ў адпаведнасці з зацверджаным графікам.
Так, напрыклад, пры мінус 20 градусах паказчык цепланосьбіта павінен складаць плюс 87 градусаў па Цэльсію.
Людміла Смірнова ў прафесіі ўжо 28 год. Перад пачаткам ацяпляльнага сезону яна абавязкова здае экзамен, паўтарае матэрыялы па тэхніцы бяспекі, рабоце абсталявання. У пэўны тэрмін праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі. Таму і пра работу кацельні расказвае ў падрабязнасцях. Сёння, напрыклад, на пастаўцы цяпла ў кватэры і сацыяльныя аб’екты працуюць катлы як на газе, так і на дранцы. Апошні, да слова, у летнія дні забяспечвае гарачай вадой увесь мікрараён.
