Як мадэрнізацыя дыспетчарскага шчыта ў Добрушскім РЭС павысіла надзейнасць электразабеспячэння раёна

Аналагавы пластыкавы варыянт і відэасцяна ў дванаццаць манітораў. Розніца каласальная! Па словах начальніка раённай дыспетчарскай службы Дзмітрыя Кавецкага, гэты праект – не проста замена абсталявання, але стратэгічнае рашэнне, якое трансфармавала нават самі прынцыпы кіравання энергасістэмай Добрушчыны.

– Раней мы карысталіся дзедаўскімі метадамі: папяровыя журналы, асобныя прыборы, мнемасхемы, – пералічвае суразмоўнік. – Дыспетчар бачыў толькі частку інфармацыі ў статыцы, без магчымасці імгненнай рэакцыі на бягучыя працэсы. Зараз па-іншаму.

Дзмітрый выразна глядзіць на вялізны экран, на якім, бы нервовая сістэма чалавека, намаляваны ўмоўныя лініі, падстанцыі, вузлы. Выяву можна павялічыць, разгледзець асобныя элементы, пабачыць напружанне, токі, нагрузку.

А што, калі здараецца аварыя? Дзмітрый Кавецкі тлумачыць: цяпер, калі спрацоўвае ахова, сістэма аўтаматычна вылучае праблемны ўчастак на карце, паказвае характар пашкоджанняў.

– Відэасістэма аб’яднала звесткі сістэм кіравання, аператыўна-інфармацыйны комплекс і метэада­дзеныя. Зараз гэта не проста шчыт, а паўнацэнны сітуацыйны цэнтр, – падкрэсліў начальнік дыспетчарскай службы. – Мы нават можам спрагназаваць магчымыя перагрузкі, спрафілакціраваць аварыйныя сітуацыі.

Па словах суразмоўніка, гэта – толькі вяршыня айсберга. Для таго, каб звесці ўсё разам, спецыялісты РЭС правялі велізарную падрыхтоўчую работу, у тым ліку праклалі кіламетры оптавалакновых ліній. Таму, можа, дабрушане і не бачаць на свае вочы гэтую навінку, але яе эфект адчуваюць ужо з новага года.