Чым дабрушане любяць займацца ў вольны час зімой, даведаўся «ДК»

Завіруха не завіруха, але адпачыць трэба! Такую выснову мы робім, гледзячы на тое, як землякі з радасцю катаюцца з горкі ды займаюцца скандынаўскай хадзьбой. Але, як высветлілася, падчас навагодніх святаў людзі з задавальненнем і ў шашкі гуляюць, і пазлы збіраюць.

Надзея БЕЛАЯ, пенсіянерка:

– Я ў «лагеры» актывістаў. Калі за акном лёгкія сняжок ды маразы, ніколі не адмаўляюся ад прагулак. Стараюся штодня праходзіць сваю норму крокаў. Хоць не дзесяць тысяч, але ўсё ж лепей, чым сядзець на канапе ды бясконца жаліцца на высокі ціск. Сабралася, уцяплілася добра – і можна гадзінку прысвяціць прагулцы на свежым паветры.

Тым больш што ёсць магчымасць сумясціць прыемнае з карысным – у магазін схадзіць, да суседкі за навінамі ці ў бібліятэку па новую кнігу.

Сяргей ДОЛІЧАЎ, майстар народных мастацкіх рамёстваў:

– Зіма – час самага актыўнага творчага працэсу! Таму адпачываю душой, вырабляючы чарговую статуэтку ці ікону.

Зараз у мяне ў распрацоўцы адразу некалькі ідэй: гэта абразы Божай Маці, карціна з айчынным пейзажам, серыя драўляных сувеніраў-сабак. Пра апошнюю магу расказваць доўга, бо я – вялікі аматар хатніх жывёл. У мяне дома жывуць тры кошкі. А нядаўна прыбіўся і сабачка. Аказалася, жаночага полу. Назваў Чапай. І такая яна пацешная, разум­ная! Захацелася гэты вясёлы характар перадаць у дрэве. Потым рашыў: а чаму б таксама сабак іншых парод не вырабіць? Вось і зай­маюся. Таму халады мне не страшныя.

Наталля РАМАШКА, прадавец:

– На маю думку, лепшы від зімняга адпачынку – гэта прагляд цікавых фільмаў ды серыялаў.

Летам агароды, нарыхтоўкі, паездкі, а калі вакол снегу насыпала, ісці нікуды зусім не хочацца. Таму запасаюся смачным печывам, купляю ў магазіне любімы від гарбаты – з бергамотам – і займаю месца каля сіняга экрана.

Любімы жанр – меладрама. Гэта хай моладзь нервы жахамі ды містыкай казыча, а мае фаварыты – стужкі пра сапраўднае каханне. Ад іх на душы светла і цёпла.

Пётр СЕМЯНЦОЎ, пенсіянер:

– У мяне вольны час узімку традыцыйны: люблю прэсу пачытаць. Хаця сёння для многіх папяровая газета – гэта амаль раскоша, для мяне яна даўно добрая звычка. Дарэчы, я даўні падпісчык «Добрушскага краю».

Таксама стараюся ў пагод­лівыя дні пару дзясяткаў хвілін свежым паветрам дыхаць: то снег чышчу каля дома, то дровы трэба прынесці, то на ФАП завітаць. Рухаюся пешкі, каб сэрца трэніраваць.

А яшчэ люблю паспаць уволю. Каля нагрэтай печкі так прыемна! Пахне яблычнымі сушкамі, патрэсквае паленца ў грубцы… Прыгажосць!

Фота Яўгена УСЦІНАВА