Насаўляне Віктар і Ніна Серпікавы з Добрушскага раёна больш за 55 год ідуць па жыцці разам

Напярэдадні навагодніх святаў сямейную пару, якая стала прыкладам для аднавяскоўцаў, цёпла павіншавалі з саліднай датай і ўручылі пасведчанне «залатых» юбіляраў.

«Вы знайшлі адзін у адным падтрымку, надзею, веру і каханне», – пасля пранікнёных слоў кіраўніка Насовіцкага сельвыканкама Ларысы Сіманенка гаспадыня дома не змагла стрымаць слёз. Напэўна, думкамі перанеслася ў родную Антонаўку, дзе вырасла і сустрэла свой лёс. А потым разам з мужам пераехала ў Насовічы, працавала прадаўцом у мясцовым магазіне і заўсёды карысталася павагай сярод людзей.

А Віктара Серпікава вельмі расчулілі беларускія песні пад баян у выкананні вакальнага ансамбля «Чаромушкі». І невыпадкова: Віктар Пятровіч – ветэран педагагічнай працы, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, які прысвяціў справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення жыхароў аграгарадка больш за 40 год. Чуць родную мову для яго і сёння – сапраўдная асалода. Удзельніцы мастацкай самадзейнасці сельскага Дома культуры ведаюць гэта, таму рэпертуар падабралі адпаведны. Нават сакратар сельвыканкама не ўстрымалася і таксама заспявала па-беларуску.

Паважаных юбіляраў павіншавалі з сапраўднай сямейнай перамогай і шчыра пажадалі адсвяткаваць брыль­янтавае вяселле. Прыпаднеслі і невялікі падарунак – кветкі, якія будуць доўга цвісці, радаваць гаспадароў і нагадваць пра тое, што сапраўднае каханне – непадуладнае часу.