Якімі святочнымі гісторыямі з маленства дабрушане падзяліліся з журналістамі «ДК»

Колькі мы апытанняў ні рабілі, але калі размова заходзіць аб чырвоных днях календара, любімым з іх 90 працэнтаў дабрушан называюць Новы год. І ўсё роўна, у якім узросце чалавек. Але, згадзіцеся, у дзяцінстве і «дрэвы вышэй». А якія раней былі традыцыі на Добрушчыне? Жыхары раёна расказалі аб самых яскравых уражаннях, што засталіся ў іх сэрцах.

Раман ГЕНЕРАЛАЎ, Церахоўка:

– Для мяне, маленькага, змена гадоў – гэта сямейнае застолле, «Агеньчык» па Першым тэлеканале. Дакладнага эпізоду вось так, знянацку, не назаву. Але магу сказаць аб тым, без чаго для мяне свята – не свята.

Па-першае, гэта родныя побач: мама Ірына, бацька Мікалай, сястра Анастасія, брат Ягор. Па-другое, салат аліўе. Так, банальна, але мы яго заўсёды гатавалі, і я звык да яго вельмі. А яшчэ на стале была запечаная тушка трусяняці.

А яшчэ мне аднойчы падарылі машынку. Я яе нагледзеў у магазіне, а 1 студзеня знайшоў пад ёлкай. Цуд!

Галіна ШЫШОВА, Уць:

– Калі гаварыць пра Новы год у маім дзяцінстве, адразу ўзгадваю, як рыхтавалася з сястрычкай і матуляй да школьнага ранішніка. Сукенка – абавязкова белая, з нашытым па падоле «дожджыкам».

А на галаве павінна быць карона. Мы рабілі яе так: выразалі з кардону аснову, потым наклейвалі зверху марлю (для фактуры, адпаведнага колеру і ўзмацнення канструкцыі). А пасля дэкаравалі самаробны галаўны ўбор ватай і кавалачкамі бітых цацак з ялінкі. Памятаю, як маці прынесла малаток і раскалола некалькі экзэмпляраў, «каб яе прыгажунька была самай шыкоўнай».

Сяргей КРАЎЧАНКА, Леніна:

– Тады ў мяне была жывая ёлка, ласункі «ад зайчыка» і гурбы снегу наўкола. Зараз настальгую па ўсім гэтым.

Але ёсць нешта, што дапамагае мне, хоць і ў думках, вяртацца ў той светлы час. Гэта скрынка з ёлачнымі цацкамі часоў Савецкага Саюза. Яна перайшла да мяне ў спадчыну ад матулі. Там ёсць нават даваенныя бабуліны ўпрыгожванні!

Чамусьці апошнія гады мы не чапалі яе, і рарытэтныя шары, конікі ды шышкі збіралі пыл у кладоўцы. Толькі зараз вялікі трэнд на ўсё савецкае, а яшчэ дзеці ўспомнілі ды папрасілі ўпрыгожыць хвою ў стылі рэтра. Так і зробім.

Вольга ШАЎЧЭНКА, Добруш:

– Успамінаецца, як маці з папяровай фабрыкі, дзе працавала, прыносіла падарунак з цукеркамі. Мы высыпалі «здабытак» на канапу, перабіралі салодкія прысмакі і вылічвалі, што з’есці цяпер, што – на заўтра пакінуць. Апошнімі звычайна заставаліся барбарыскі ды мятныя ледзяшы.

Мы шмат каталіся на санках, каньках, лыжах. І, вядома ж, на зімніх канікулах часта з сяброўкамі бегалі ў кіно. Там я паглядзела свой любімы савецкі дзіцячы фільм «Навагоднія прыгоды Машы і Віці». Дарэчы, у гэты ж год у пракат выйшла стужка «Іронія лёсу». На яго таксама хадзіла пад Новы год у наш мясцовы кінатэатр. Незабыўныя эмоцыі.

Фота Яўгена УСЦІНАВА