Ці з’яўлялася ваша імя на старонках «Добрушскага краю», спыталі мы жыхароў раёна

Журналісты «ДК» робяць кожную старонку, кожны нумар газеты максімальна насычаным і цікавым, натхняючыся нашымі чытачамі. І столькі прозвішчаў кожны раз трапляе на паперу, што і не палічыць. Здаецца, кожны дабрушанін хаця б аднойчы быў героем нумара ці згадваўся ў нашых матэрыялах.

Наталля БЕЛЯНКОВА, пенсіянерка:

– Ведаеце, было. У мінулым годзе. Запрасілі мяне ў раённы Палац культуры на ўрачыстасць. Нагода цудоўная: прафесійнае свята работнікаў сельскай гаспадаркі. Дарэчы, я – ветэран галіны, больш за тры дзясяткі гадоў працавала на крупецкай ферме аператарам машыннага даення.

І вось цырымонія. Вядома ж, я ў вячэрняй сукенцы, з прычоскай. Паднімаюся на сцэну. У момант, калі кіраўнік раёна перадае ў мае рукі ганаровую грамату, чую ціхі гук, пасля асляпляе ўспышка. Гэта ваш фатограф здымаў узнагароджаных. Пасля і імя маё ў рэпартажы напісалі. Прыемна! І сёння тое выпадак успамінаю з прыемным пачуццём.

Станіслаў СТАСЕЎ, трактарыст:

– Час ад часу чытаю ў раёнцы пра калег, суседзяў, знаёмых. Ці родныя гавораць, маўляў, пра тваіх у газеце напісалі. А я чалавек сціплы, таму ніколі не імкнуўся стаць «зоркай» нумара. Але ж і маё імя год таму прамільгнула ў рэпартажы з нашага лясніцтва. Праўда, у іранічным ключы.

Калі вы з калегамі збіралі інфармацыю пра студзеньскую нарыхтоўку шышак, я працаваў на дзялянцы. Але, паўтаруся, што характар у мяне не публічны, таму ад фотокарэспандзента я «ўцёк» на трактары. Вы так і напісалі. Потым родныя жартавалі: «У наступны раз згаджайся!»

Яніс ЧАРНЕНКА, навучэнец політэхнічнага каледжа:

– Першы раз пра мяне напісалі ў «Добрушскім краі» зусім нядаўна. У мінулым нумары. З нагоды таго, што назвалі лепшым у конкурсе валанёраў. Фота не было, але тое, што пахвалілі на старонках раённага выдання, – значна.

Ці бярэ гонар? Бярэ. І педагогі адзначылі, што чыталі пра мяне і аднадумцаў у «ДК», і аднакурснікі. Бацькі таксама рады маім поспехам. Так што дзякуй вам!

Ксенія КУШНЯРОВА, вучаніца СШ №2 Добруша:

– Не толькі маё прозвішча з’яўлялася ў раённай газеце сёлета, але і мае матэрыялы. Усё таму, што сама мару стаць журналістам. А для гэтага патрэбна шмат практыкі і жаданне. З апошнім у мяне ўсё ў парадку, а руку ўжо набіваю.

Хочацца, каб раённыя газеты прыцягвалі больш моладзі, каб мае аднагодкі чыталі правераныя навіны, маглі падтрымаць цікавую размову, ведалі гісторыю малой радзімы.

Таму, спадзяюся, маё імя ў «Добрушскім краі» яшчэ не раз прачытаеце. А праз некалькі гадоў яно з’явіцца на пастаяннай аснове пад цікавымі артыкуламі з жыцця Добрушчыны.

Фота Яўгена УСЦІНАВА