Кожны клас, кожная паралель СШ №3 Добруша ўчора ўспамінала гісторыю Радзімы і адкрывала асаблівую кнігу. На бліскучай вокладцы – жахлівыя рэтраздымкі ды стрыманы надпіс «Генацыд беларускага народа».
– Для сённяшніх дзяцей Вялікая Айчынная вайна – гэта мінулае, якога яны не бачылі. Таму менавіта ад нас, дарослых, залежыць, як школьнікі ўспрымуць гэтую няпростую тэму, – гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Судакова. – Таму выкарыстоўваем сістэмны падыход да вывучэння тэмы генацыду, яго наступстваў для Беларусі. А таксама вучым маленькіх дабрушан асэнсоўваць інфармацыю аб падзеях 40-х гадоў XX стагоддзя, якую яны бачаць у Інтэрнэце.
Каб падрастаючае пакаленне ведала праўду аб тых часах, у кожным класе ёсць спецыяльны падручнік. У ім толькі правераныя факты. У тым ліку – ад пакутнай гісторыі вёскі ў Светлагорскім раёне.
– Яе 14 студзеня 1944 года гітлераўцы спалілі разам з сяльчанамі. Карнікі знішчылі 1758 мірных жыхароў, 950 з якіх – дзеці, – расказвае вучаніца 6-га класа Арына Антоненка. – Аб гэтым нашаму класу паведаміла экскурсавод мемарыяльнага комплексу «Ала», куды мы ездзілі некалькі гадоў таму. У тым месцы адчуваеш сум і горыч. І не
разумееш, як можна забіць бязвіннага?
Аднакласнікі дзяўчынкі Мігель Каваленка і Соф’я Вараб’ёва дадаюць: такі ўрок аб трагедыі вёскі Ала праходзіць у школе штогод. І ён патрэбны, каб людзі помнілі, каму абавязаны мірным жыццём і дабрабытам, вольнай краінай і асабістым шчасцем.