Цоканне, механічны гул і патрабавальнае «му!» Такія гукі складаюць штодзённы трэк жыцця Анастасіі Рашчупкінай, жыхаркі з Пераросту Добрушскага раёна

Пакуль у вашых навушніках калейдаскопам змяняюцца поп- і рэп-кампазіцыі, жыхарка Пераросту і аператар машыннага даення МТК «Цэнтр» сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» дзень пры дні слухае іншую «мелодыю».

Наведаліся мы да гераіні як раз падчас дзённай дойкі і сваімі вушамі пачулі звыклыя для работніцы фермы гукі.

– За год, што працую тут, шум апаратуры і муканне статку сталі звычнымі. І не, зусім не раздражняюць, – добразычліва адказвае жанчына, паспяваючы і з журналістамі дыялог весці, і заганяць чарговую групу кароў у даільную залу. – Тым больш, што гэтая працоўная атмасфера знаёмая мне з дзяцінства. Не раз і не два завітвала маленькая да мамы на работу. Сачыла за яе спрытнымі, акуратнымі рухамі, уменнем даглядаць жывёл. Усім дзецям падабаюцца кароўкі!

А потым Анастасія вырасла, і замест дзіцячых ідэалізаваных уяўленняў аб прафесіі прый­шло разуменне: аператар машыннага даення займаецца не толькі непасрэдным атрыманнем малака. На самой справе работніца фермы павінна быць і трывалай (паспрабуй што­дня ўсковаць на работу ў пяць гадзін ранку!), і разбірацца з даільнымі апаратамі, іншымі аграгаджэтамі.

– Дапішыце ў спіс акуратнасць, – раіць суразмоўніца. – Падтрыманне ў чысціні залы – таксама наша справа.

Анастасія Рашчупкіна смяецца і ўдакладняе, што яе характар загартавалі… мацярынскія абавязкі. Жанчына – шчаслівая маці дваіх малых: дзесяцігадовага Мікіты і чатырохгадовай Алісы.

Гледзячы, як дачка з задавальненнем налівае з пакета чарговы кубачак малака, гераіня разумее: яе праца выбрана правільна.