Не многія ведаюць, але факт: у 1921–1922 гадах, падчас Грамадзянскай вайны, дзясяткі дабрушан адстойвалі камуністычныя ідэі ў радах Першай коннай арміі. Таксама на нашай зямлі размяшчаліся іх часткі.
Праслаўленае злучэнне ўзначальваў чалавек-легенда Сямён Будзённы. Аднойчы ён нават праводзіў у нашым райцэнтры інспектарскі агляд, гарцуючы на любімым кані Казбеку. Але аб усім па чарзе…
Супраць кайзераўцаў і банд
Згодна артыкулу ў кнізе «Памяць», галоўнай задачай конармейцаў на Добрушчыне быў разгром бандыцкіх фарміраванняў, адно з якіх узначальваў белагвардзеец Галак. Калі вы глядзелі савецкі кінахіт «Вяселле ў Малінаўцы», то прыкладна зможаце ўявіць, пра якіх бандытаў гаворка.
Скажам коратка: працэс устанаўлення савецкай улады ў добрушскім краі, як і па ўсім будучым СССР, расцягнуўся на некалькі гадоў. Чырвоныя змагаліся супраць белых ды іх памагатых. Тых, хто жадаў адарваць «свой кавалак пірага». На дзесяць месяцаў (з сакавіка 1918-га па студзень 1919 года) Добруш быў акупаваны немцамі. Іх падтрымалі і атрады гайдамакаў. Для даведкі: падчас Грамадзянскай вайны гайдамакамі сябе называлі ўкраінскія нацыяналісты, што змагаліся супраць савецкай улады і марылі аб пабудове «вольнай Украіны», незалежнай ад дзяржавы са сталіцай у Маскве. Гайдамакі разлічвалі, што з дапамогай кайзераўскіх войск змогуць далучыць да сябе і Гомельскую вобласць пад назвай Палескай губерні.
Баявая і тэарэтычная вучоба
Вось такім акупантам і супрацьстаялі добрушскія камуністы-патрыёты. Прозвішчы, што захаваліся з гісторыі, і сёння ў нас сустракаюцца даволі часта: Сідарцоў, Гуцаў, Буры, Галкін…
У пачатку 1921 года ў раёны Гомеля і Добруша прыбыла 11-я кавалерыйская дывізія Першай коннай. Яе штаб знаходзіўся ў Гомелі, а палітаддзел – у Добрушы. У бліжэйшых населеных пунктах былі раскватараваны асобныя кавалерыйскія часці. Так, у Крупцы, Жгуні і Жгуна-Будзе размяшчаліся байцы конна-артылерыйскага дывізіёна. Эскадроны 63-га кавалерыйскага палка стаялі ў Лявонцьева, Дубовым Лагу, Дзям’янках і Бярозках.
Пры палітаддзеле дывізіі дзейнічала і палітычная школа. Яна знаходзілася… у Добрушы на вуліцы Савецкай. Можа, у будынку нашай рэдакцыі? Загадка.
А вось што мы ведаем дакладна: у вёсцы Вылева (адселеная пасля чарнобыльскай аварыі) кавалерыйская школа рыхтавала малодшых камандзіраў. Байцы займаліся тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкай, нават удзельнічалі ў сутычках з ворагам. Некалькі такіх адбылося каля Церахоўкі.
Легенда на вуліцы Першамайскай
Вернемся да галоўных пытанняў: калі да нас прыязджаў Сямён Будзённы і з якой мэтай?
Вясной 1922 года да станцыі Добруш прыбыў спецыяльны цягнік. У ім – праслаўлены камандуючы. У прыгранічны горад военачальнік завітаў з некалькімі задачамі. Першая – праверыць баяздольнасць мясцовых «чырвоных». Дэманстрацыя прайшла тут жа, недалёка ад чыгуначнага вакзала на вуліцы Першамайскай.
Летам таго ж года будзёнаўцаў накіравалі ў Сярэднюю Азію «біць басмачоў».
Пасля заканчэння Грамадзянскай вайны больш за 20 землякоў вярнуліся на Радзіму. І засталіся тут: працаваць на фабрыцы, будаваць сем’і і адстойваць свае камуністычныя прынцыпы, імкнучыся да лепшага жыцця.
На жаль, героям яшчэ раз прыйшлося ўзяць у рукі зброю. Набліжаўся 1941 год.

