На вытворчы ўчастак «Добруш» філіяла «Аўтобусны парк №6» наведаліся напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў.
Таццяну Панфілаву, як і чакалі, сустрэлі ў памяшканні дыспетчарскай. На рабочым стале – маленькая металічная мадэль аўтобуса. Гаспадыню кабінета гэтая сімвалічная рэч натхняе на працу, стварае добры настрой.
– Ад сваёй работы я ў захапленні, – расказвае дыспетчар. – Цікавасць да тэхнікі пераняла ад бацькі, ён – ветэран нашай арганізацыі, доўгі час працаваў вадзіцелем. Выбар прафесіі для мяне таксама не быў выпадковым. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту па спецыяльнасці «кіраванне працэсамі перавозак» і атрымала размеркаванне ў Добруш.
Сёння Таццяна Панфілава з усмешкай успамінае недаверлівыя позіркі калег-мужчын, скептычныя заўвагі ў свой адрас. Яна вельмі хутка даказала, што справу выбрала душой, таму ведае яе дасканала і выконвае бездакорна. Дыспетчар з 14-гадовым вопытам умела «разрульвае» не толькі маршруты ўсіх 29 вадзіцеляў, якія перавозяць пасажыраў гарадскіх аўтобусаў і службовых аўто шэрагу арганізацый, але і звароты жыхароў раёна.
– Работу вадзіцеляў мы кантралюем у рэжыме анлайн, але і тут дапамагаюць пільныя гараджане, – заўважае Таццяна Панфілава. – Нават пра нязначныя спазненні рэйсаў, непаладкі падчас руху мне адразу ж паведамляюць.
Каб грамадскі транспарт працаваў як гадзіннік, дыспетчар старанна і загадзя складае расклад руху, калі трэба, тэрмінова прымае меры па замене адной машыны на іншую.
– Бачылі, як мы аформілі табло гарадскіх аўтобусаў? – пытаецца ў нас дыспетчар. – Там сэрцайка і словы «Я люблю Добруш».
Такім чынам работніца аўтамабільнага транспарту выказала свае асаблівыя адносіны да горада, у якім жыве, людзей, дзеля якіх працуе. Пасажыры таксама заўважаюць чысціню і камфорт у салонах, вымытыя аншлагі з назвамі маршрутаў – дыспетчар сочыць за ўсімі «дробязямі». Ад іх залежыць настрой людзей, якія карыстаюцца паслугамі добрушскіх аўтаперавозчыкаў.
– Таццяна – на сваім месцы, – кажуць яе калегі.
У гэтай лаканічнай характарыстыцы чуюцца ноткі павагі і ўдзячнасці. А яшчэ – шчырага захаплення яе добразычлівасцю, творчым падыходам да справы. Дарэчы, з нядаўняга часу ў калектыве добрушскіх аўтатранспартнікаў з’явіўся і свой ціктокер. Ролікі з добрушскімі аўтобусамі на дарогах раёна набіраюць прагляды і лайкі. На думку аўтара, гэта павышае прэстыж прафесіі вадзіцеля і выклікае цікавасць гасцей да нашага горада.
Фота Яўгена УСЦІНАВА

