Як падкрэсліла галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Таццяна Ракашова, калі летам фокус увагі быў на травяных кармах, то восень – пара, калі на першы план выходзіць «царыца палёў».
– Кукурузнае зерне і сілас з гэтай расліны ўжо каторы год складаюць значную частку рацыёну мясцовага пагалоўя, – расказала яна. – Так, па норме сілкуюцца каровы і сенажом, камбікармамі, але кукуруза – гэта пажыўна, карысна і выгадна з эканамічнага пункту погляду. У нас для нарыхтоўкі ёсць уласнае абсталяванне, таму працэс ідзе энергічна.
Калі суразмоўніца прапанавала паглядзець на працэс перапрацоўкі залатых зярнят у абед для статку, мы доўга не разважалі. У машыну – і праз пару хвілін былі на зернетаку.
Але дзе ж абяцаная горка кукурузы?
– Не паспелі. Намалочанае ў бункеры, – кажа Таццяна Ракашова. – Зараз там падсушваецца 90 тон. Яшчэ 140 тон зярнят заплюшчылі напярэдадні. Добра, плюшчыльная ўстаноўка свая. Цяпер корм у спецыяльным рукаве праходзіць кансервацыю. Да зімы рыхтуемся старанна. Дзякуй нашаму механізатару Генадзю Заразаку. Ён без перабольшання шчыруе ад раніцы да вечара. Учора нават пасля змяркання некалькі гадзін працаваў.
Пакуль добрае надвор’е стаіць, аграрыі маюць намер максімальна эфектыўна выкарыстаць час. Плошчы пад кукурузу ў «Завідаўскім» вялікія – 762 гектары толькі на зерне ўбіраюць. На сённяшні дзень работнікі нарыхтавалі амаль 500 тон. Гэта толькі пачатак, 15 працэнтаў ад плана.
– За кожнай лічбай стаіць праца механізатараў, вадзіцеляў, работнікаў зернетаку, а пасля справа за жывёлаводамі, – падкрэсліла галоўны аграном.