Птушка шчасця, працавітыя мурашы і кветкавы экспрэс: стараннямі калектыву «Добрушскага камунальніка» райцэнтр стане больш утульным

Удзел у конкурсах па добраўпарадкаванні для работнікаў прадпрыемства – трывалая і добрая традыцыя. Іх вырабы ўпрыгожваюць розныя населеныя пункты Гомельшчыны.

Да Дня горада новыя аб’екты эстэтычнага афармлення ландшафту з’явіліся і ў Добрушы. Нагодай стала не толькі святкаванне яго 465-годдзя, але і аб’яўлены райвыканкамам конкурс на лепшую малую архітэктурную форму.

– Ідэй адразу ўзнікла многа, – расказала «ДК» намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Ала Белкіна. – Фантазіі маім калегам не зай­маць, аднак выбралі тыя варыянты, якія адпавядалі тэме, сезону, падкрэслівалі «характар» горада і яго жыхароў, былі не вельмі затратнымі па фінансах.

Пасля «рэвізіі» ў штодзённіку ідэолага засталося чатыры пункты. І на вытворчай тэрыторыі «Добрушскага камунальніка» закіпела цікавая работа. За працэсам «нараджэння» аб’ектаў добраўпарадкавання змаглі паназіраць і журналісты «Добрушскага краю». Вялікую птушку з металічных прутоў заўважылі здалёк: яна пералівалася пад промнямі асенняга сонца рознакаляровай вясёлкай. Бліскучы эфект дала аўтамабільная фарба, спецыяльна купленая дзеля гэтага.

– А што сімвалізуе гэты адмысловы экзэмпляр? – пытаемся ў Алы Белкінай.

Яна адказала, што вытанчаная птушка з пышным хвастом – гэта мары, што павінны збывацца, перспектывы, якія адкрываюцца перад нашай моладдзю. А яшчэ – дом, родныя мясціны, якія клічуць «прылятаць» сюды, працаваць, будаваць свае «гнёзды» і асабістае шчасце.

Удзельнікі конкурсу хацелі паказаць і тое, што ў нашым горадзе жывуць працавітыя людзі. Металічныя фігуркі мурашоў, што коцяць перад сабой нагружаныя цялежкі, выклікаюць добрую ўсмешку. І хаця самі аўтары гэтай кампазіцыі лічаць яе недастаткова мастацкай і якаснай, яна стварае настрой і вартая таго, каб яе ўстанавілі на гарадской тэрыторыі.

Іншыя ідэі камунальнікі ажыццявілі з дапамогай дрэва. У дзень нашага візіту яны былі яшчэ не пафарбаваныя, ад іх прыемна пахла сасновай смалой. «Дык гэта ж паравозік з Рамашкава!» – адразу ўзгадаўся любімы мульцік з дзяцінства.

– Так, у вагончыках, якія «павязе» за сабой маленькі лакаматыў, будуць сезонныя кветкі, – пацвердзіла суразмоўніца. – Каб цвілі да самай зімы і радавалі дабрушан.

Вынікі працы і крэатыву спецыялістаў прадпрыемства ўжо сёння ацэняць удзельнікі святочных мерапрыемстваў і журы конкурсу. А затым новым архітэктурным формам знойдуць месца ў розных мікрараёнах горада.