На афіцыйны рытуал у раённы ваенны камісарыят герой маленькай урачыстасці прыбыў з Гомеля, дзе зараз жыве і працуе. Яго суправаджаў бацька – маёр запасу. Як адзначыў Мікалай Трубкін у гутарцы з журналістам «ДК», у іх сям’і шануюць армейскія традыцыі і з павагай адносяцца да ваеннай службы, бо лічаць сябе патрыётамі. Дзядуля Андрэя – Пётр Блошкін – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў паважаным у раёне чалавекам.
Вось і ўнук франтавіка ад прызыву не хаваўся, старанна выконваў воінскі абавязак падчас тэрміновай службы ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Была перспектыва стаць прафесійным абаронцам Айчыны, аднак жыццё склалася інакш. І ўсё ж Андрэю не раз давялося ўспомніць салдацкія навыкі падчас ваенных збораў. Самыя працяглыя прайшлі ў галоўнай «вучэбцы» краіны – легендарных Печах, у Барысаўскім ваенным гарадку.
– Тыя два месяцы пакінулі масу ўражанняў, – падзяліўся суразмоўнік. – Было цікава, хаця часам складана і нязвыкла: жылі ў казарме, праходзілі тэарэтычную і тактычную падрыхтоўку і многае іншае.
Нашаму земляку даверылі камандаваць узводам навабранцаў. Калі родныя прыехалі яго праведаць, то заўважылі, што Андрэя ў часці паважаюць, а ў яго зноў з’явілася армейская выпраўка.
На наступныя зборы ён адправіцца ў новым званні – старшага лейтэнанта запасу. Загад Міністра абароны ад 17 верасня зачытаў раённы ваенны камісар Антон Лаўрэнцьеў. Ён уручыў афіцэру запасу новыя пагоны.
– Служу Рэспубліцы Беларусь! – урачыста прагучала ў адказ.
Гэты момант быў хвалюючым для кожнага з прысутных. АндрэйТрубкін лічыць, што гэта важная падзея, а для яго жонкі, 15-гадовай дачкі – нагода для гонару. У бацькі ж ад пачуццяў аж слёзы праступілі…