Мой любімы настаўнік: журналісты «ДК» прапанавалі землякам выказаць словы павагі сваім педагогам

Заўтра мы будзем віншаваць людзей, якія навучылі нас чытаць, пісаць, лічыць і ўвогуле быць усебакова развітымі асобамі, – нашых дарагіх педагогаў. Для адных вучоба ў школе, дзякуючы ім, стала яркім успамінам, іншых натхніла выбраць такі ж прафесійны шлях.

Каго са сваіх настаўнікаў жыхары Добрушчыны назавуць самымі-самымі паважанымі?

Вера ДЗЯНІСАВА, прадавец:

– Вучылася я ў Крупецкай сярэдняй школе. Па-першае, запішыце імя майго класнага кіраўніка – Святлана Андрэеўна. У прозвішчы баюся памыліцца, таму не назаву. Таксама яна выкладала ў нашым класе рускую мову і літаратуру.

Святлана Андрэеўна была высокай, са светлымі валасамі. Якім мяккім быў яе выгляд, такім жа лагодным – і характар. Магла пасля заняткаў затрымацца, незразумелую тэму растлумачыць. Добрая была.

З цеплынёй успамінаю і Марыю Захараўну, Антаніну Паўлаўну. Яны сталі для мяне прыкладам прафесіянала, які ўсю любоў аддае дзецям.

Юрый ТРАЯНАЎ, вартаўнік:

– Адчуваю павагу і дасылаю кампліменты ўсяму калектыву роднай Кармянскай школы. Напярэдадні прафесійнага свята жадаю работнікам школ і садкоў цярпення, натхнення, удзячных вучняў.

А з настаўнікаў, што калісьці запалі ў душу, назаву свайго педагога Раісу Іванаўну. Яна вучыла нас англійскай мове.

Ала КАЗЛОВА, гардэробшчык:

– У свой час я скончыла Навілаўскую школу Веткаўскага раёна.

Маёй першай настаўніцай была мая хросная, Ларыса Еўдакімаўна Глушачэнка. Яна і была маім любімым педагогам. Чаму? Таму што пра нас клапацілася, як пра сваіх дзяцей, шкадавала нас. Ды і заняткі ў яе заўсёды былі займальныя, цікавыя.

Зараз ёй за восемдзясят гадоў, дзеці забралі яе да сябе, жыве ў Мінскай вобласці. Жадаю ёй у Дзень настаўніка моцнага здароўя і даўгалецця!

Васілій ГУЦАЎ, трэнер-выкладчык раённага цэнтра дадатковай адукацыі:

– Тымі, хто натхніў мяне на спартыўны шлях, сталі мае настаўнікі па фізічнай культуры з сярэдняй школы №1 Добруша: Віктар Міхайлавіч Грыневіч, Аляксандр Афанасьевіч Шведзянкоў. Пераняў іх прынцыповасць, адказныя адносіны да працы. Таксама па іх прыкла­дзе стараюся знаходзіць да кожнага вучня асаблівы ключык.
Адзначце, калі ласка, і маю першую настаўніцу. Святлана Мікалаеўна Сляпухіна дала нам не толькі базавыя веды, але і часцінку свайго сэрца.

Фота Яўгена УСЦІНАВА