Здаецца, шанаванне тых, хто корміць краіну, было заўсёды. Менталітэт у беларусаў такі – ганарыцца тым, што добра атрымліваецца. А вырошчваць хлеб у нас заўсёды ўмелі.
Але час ідзе, трансфармуюцца і звычаі. Сёння адным узнагароджаннем перадавікоў жніва мерапрыемства не абмяжоўваецца. Ёсць чым заняцца і наведвальнікам розных узростаў. Можа, таму аграсвята застаецца ў топе восеньскіх падзей раёна? Даведаліся, што думаюць аб гэтым жыхары раёна.
Надзея АСІПЕНКА, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства:

– Дзякуючы прафесіі, столькі «Дажынак» наведала, што ўжо з ліку збілася. І кожны раз гэта асаблівае свята для тых, хто працуе на зямлі. Людзям заўсёды трэба, каб ацанілі іх стараннасць.
Гэта асноўная вяха, якая паказвае, як мы работалі ад мінулай да бягучай восені, з якімі вынікамі прайшоў сельгасгод. Тым больш што вынік працы хлебаробаў тут відавочны: дэгустацыя духмяных караваяў – адзін з маіх любімых момантаў свята.
Душа пасля напружанай уборачнай кампаніі патрабуе адпачынку, вяселля, добрай песні. Таму, на мой погляд, сваёй актуальнасці «Дажынкі» не страцяць ніколі.
Максім ЦУРАНАЎ, інжынер:

– Чаму не знікае традыцыя восенню дзякаваць удзельнікам жніва за хлеб? Таму што гэта правільна! Папрацавалі трактарысты добра – значыць, і падарункі ім, і граматы, і пашана.
«Дажынкі» даўно выйшлі за межы мерапрыемства толькі для работнікаў гаспадарак, таму і падабаецца многім завітаць на гулянні. Сам люблю такія фэсты! Гэта магчымасць сустрэцца з сябрамі, паспрабаваць смачную нацыянальную кухню і забыцца на штодзённыя праблемы.
Усім хлебаробам – мая павага!
Анастасія ШКУРКО, бухгалтар:

– Пакуль ні разу не давялося пагуляць на галоўным свяце аграрыяў. Безумоўна, хацелася б. Таму планую завітаць на шанаванне перадавікоў.
Чакаю, што цырымонія, дзе ўручаць узнагароды лепшым механізатарам, вадзіцелям, аграномам ды іншым майстрам сваёй справы, будзе яркай, прыгожай. Але мяне больш вабяць святочныя лакацыі: імправізаваныя падворкі ад сельвыканкамаў з усёй Добрушчыны, выставы, фотазоны.
На мой погляд, свята добрае, таму яго патрэбна зберагчы.
Не было б яшчэ дажджу, як пужаюць сіноптыкі. Хаця, ведаеце, можа хай і пойдзе. Гавораць, добрая прыкмета.
Уладзімір КАНЦАВЫ, фермер:

– Звычку восенню падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года падтрымліваю. А сённяшняя падзея, на маю думку, выдатная нагода сабрацца калегам з розных гаспадарак, абмеркаваць вынікі сваёй працы. Можа, дзесьці і павучыцца ў таварышаў, паставіць для сябе новыя рабочыя мэты.
Адзначаць стараннасць – значыць стымуляваць сяльчан да новых перамог, новых рэкордаў па намалоце ды ўраджайнасці.
Душа радуецца, калі на сцэне бачу знаёмых, бо разумею: чым больш такіх працавітых аграрыяў, тым цяжэй наш агульны каравай.