Які занятак аб’ядноўвае паштальёна Наталлю Ігнаценка і жыхароў чатырнаццаці вуліц Добруша

Спойлер: гэта не толькі дастаўка лістоў, пасылак і перыёдыкі, якую ажыццяўляе работніца аддзялення паштовай сувязі №4.

– Ведаеце, як я адпачываю пасля напружанага працоўнага дня? Як і многія, гляджу серыялы, гуляю з дзецьмі і чытаю мясцовую газету. Выпісваю яе не толькі дабрушанам на сваім участку, але і сама не забываю запоўніць патрэбную квітанцыю. А потым адной з першых (дзякуй, прафесія!) трымаю ў руках свежы нумар.

Па словах суразмоўніцы, чытанне «ДК» дапамагае ёй быць больш дасведчанай у мясцовых рэаліях, лёгка знаходзіць тэмы для размоў з дабрушанамі ўсіх узростаў і, не напружваючыся пошукамі па дзясятках інтэрнэт-паблікаў, ведаць, дзе і што адбудзецца ў раёне.

Правераным навінам аддае перавагу і жыхарка райцэнтра Ірына Шчарбакова.

– Любімы праект – «Бумажник». Як яго прапусціць? – не разумее жанчына. – Зараз работнікам фабрыкі з’яўляецца мой муж, раней і я сама там працавала. Таму цікава чытаць пра знаёмых лю­дзей, даведвацца, чым сёння жыве прадпрыемства і якімі новымі дасягненнямі ганарыцца.

Сярод матэрыялаў, з якімі ў ліку першых у выпуску знаёмяцца і Наталля, і Ірына, ёсць артыкулы грамадска-палітычнага характару, выпадкі з дзейнасці людзей у пагонах.

– На мой погляд, навіну можна пачуць і ад знаёмых, убачыць у сацсетках, але колькі там праўды? – разважае пашталь­ён. – А ў газеце публікуюць правераную, прааналізаваную інфармацыю. Тую, якой можна верыць. Таму мой выбар відавочны.

P.S. Нагадваем, падпіска на чацвёрты квартал заканчваецца. Цана на тры апошнія месяцы 2025 года – 37,57 рубля.