92-гадовая ўраджэнка неіснуючага сёння пасёлка Добрушчыны расказала аб жыцці і аб тым, што радуе яе сэрца

Любімае месца ў доме для Марыі Дзявятнікавай – крэсла каля акна ў зале.

– Лепей за тэлевізар, – жартуе суразмоўніца. – У апошні час здароўе аслабла. Каб пачуць песні ў тэлеперадачы Андрэя Малахава, трэба на ўвесь дом гук уключаць. Шкадую суседзяў ды дачку Ніну, што з зяцем мяне наведваюць. А тут і слухаць не трэба. Усе гукі, пахі, лад сялянскага існавання ведаю да дробязяў. Але сачыць за тым, як ідзе жыццё ў вёсцы, усё роўна цікава.

Усё цячэ, усё мяняецца

Размова з доўгажыхаркай не стала б такой дэтальнай, калі б не дачка Ніна Сяргееўна. Наш незапланаваны візіт «выцягнуў» яе з матчынага агарода.

– Апошнія дзянькі «ловім» з маім мужам Мікалаем, – ветліва тлумачыць жанчына, абкопваючы куст руж. – На бацькоўскім агародзе – мой аазіс, мае кветкі. Паглядзіце хутка, і ў хаце нямала букетаў. Усе са сваіх хрызантэм. А маці хвалюецца, просіць: «Можа, менш на наступны год пасадзіш. Паберажыся!». Ведаю, што проста не хоча, каб я так жа цяжка працавала, як і яна ў свой час.

Лёс Марыі Дзмітрыеўны, у дзявоцтве Вострыкавай, быў звычайным. Па яе словах. І калі дачка ўспамінала то ваеннае дзяцінства сяльчанкі, то бясконцую працу на ферме і на падворку, то клопаты з чатырма дзецьмі, яна толькі згаджалася. Так, складана, але ўсе так жылі.

Але нясумна. Здаецца, мена­віта такія ж жыццелюбівыя ды пазітыўныя людзі, як наша гераіня, заснавалі пасёлак, у якім яна нарадзілася. Вясёлы перастаў існаваць у 70-х, а да Вялікай Айчыннай вайны там стаяла 60 двароў.

– Гэта месца каля Баршчоўкі, – удакладніла Марыя Дзмітрыеўна. – Жыла я адна з мамай. Як да саракавых і не памятаю, зусім малая была яшчэ.

Бацьку суразмоўніцы забілі на фронце. Пахавалі ў брацкай магіле ў Латвіі. Дарэчы, даведалася яна аб гэтым толькі два гады таму, калі адна з родзічак спецыяльна занялася пошукамі. Акупацыя ўспыхвае ў ­дум­ках момантамі. Вось ­калона нямецкіх ­салдат і афіцэраў ідзе па вуліцы. Вось хтосьці дзецям цукерку кінуў. А тут людзі лаюцца не па-нашаму і падпальваюць дамы…

Поўнай сіратой Марыя Востры­кава засталася ў 22 гады. Ні кута свайго, ні блізкіх, каб падтрымалі. Але былі добрыя суседзі і характар, як сталь.

І конюх, і білецёр у лазні

Аднойчы завіталі два сябра ў Вясёлы. Адзін з іх – з гар­монікам.

– Не ведаю, колькі сэрцаў разбіў бацька ў той раз, – смяецца Марыя Сяргееўна. – Але маці спадабаўся вельмі. Хутка пажаніліся, пачалі будаваць уласны зруб. Дарэчы, вы ў ім і ся­дзіце. Сур’ёзна. Калі бацькі пера­язджалі ў Васільеўку з Вясёлага, перавезлі хату. Потым прыбудавалі некалькі пакояў – і вось што атрымалася.

Апошнія ноў-хаў, якія парадавалі 92-гадовую гаспадыню, – шпалеры ў кветачку ды сучасная шафа ў спальні. Толькі інтэр’ер упрыгожваюць не яны. Бы цёплай рукавічкай па сэрцы правялі, калі заўважаем сама­тканыя дыванкі на падлозе, вышытую пасцелю.

– Усё мама сама рабіла, – удакладніла дачка. – І паспявала! А трымала ж цэлую «ферму»: курэй, качак, свіней, цёлак, коней. Дарэчы, некаторы час працавала і на мясцовай ферме. Конюхам! Так, яна пасвіла табун, сама касіла сена, правіла касу.

Аказалася, калі б сяльчанка атрымала школьны атэстат, там стаяла б толькі паметка: «Скончыла два класы». А вось у працоўнай кніжцы па-добраму не хапае вялікай колькасці спраў, якія за жыццё выконвала Марыя Дзявятнікава. Перад выхадам на пенсію жанчына сядзела ў касе мясцовай лазні, а пасля дапамагала карміць механізатараў гаспадаркі, стоячы на раздачы абедаў.

Любімым жа заняткам дома і «ў людзях» у доўгажыхаркі заўсёды было выкананне частушак.

– Маці столькі іх ведала, ой, – махнула рукой дачка. – Вашага блакнота не хапіла б усе запісаць.

P.S. На развітанне мы паці­кавіліся ў Ніны Сяргееўны, што больш за ўсё любіць яе маці-доўгажыхарка, што радуе яе сэрца.

– Камандаваць любіць і чысціню, – з усмешкай адказала жанчына.