Калорыя да калорыі
11.15. Ад сталовай сельгаспрадпрыемства «Калінінскі» ад’язджае зялёны УАЗ-«бохан». Унутры вадзіцель, куханны работнік і чатыры вялізныя металічныя тэрмасы, некалькі карабоў з хлебам ды інвентаром, каністра для гарачага напою…
– Гэта нашы калегі абедзенны аб’езд пачалі, – заўважае загадчык сталовай Ірына Казлова. – Вы крыху спазніліся. Як бачыце, пліты, хоць пакуль і гарачыя, але выключаныя. Вось дакументы запаўняю. Абавязкова патрэбна даць заяўкі на прадукты.
Побач са справаздачнымі паперамі і накіды меню на наступныя дні, у тым ліку – выхадныя.
– Механізатары, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў шчыруюць і ў суботу-нядзелю. Пакуль ёсць сонейка, трэба «хапаць» кожную хвіліну, – гаворыць суразмоўніца. – Я на гэтай пасадзе пяць гадоў. І кожная ўборачная асаблівая. У гэты раз, напрыклад, павялічылася колькасць тых, хто ў нас сталуецца. Акрамя ўдзельнікаў уборачнай кампаніі з уласнай гаспадаркі, кормім і суседзяў з «Уцеўскага».
Што ж будзе ў талерках і кубках мясцовых аграрыяў? Суп з тушонкай, печаная курыная грудка з падлівай і макароннымі вырабамі, 200 грамаў смятаны, гарачы напітак (на гэты раз з чарнічнага варэння).
– А яшчэ хлеб, два літры мінеральнай вады. У санцапёк трэба і сытна есці, і выконваць пітны рэжым.
Сталовая на колах прыехала
Вернемся да зялёнага «бохана». Яго мы сустрэлі на пераростаўскім зернетаку. У цяньку абеду чакалі некалькі мужчын з дачарна загарэлымі тварамі.
Але па звычцы вадзіцель УАЗа Алег Насон усё роўна прызыўна сігналіць, апавяшчаючы: «Абед прыбыў!».
– Камеры настроены, рапс засыпаны, можна і паесці, – адзначыў аператар комплексу Аляксандр Кашпур. – Дадому хадзіць – часу няма, з сабой абед браць – перагрэецца ў такую спёку. А тут і смачна, і танна. Плацім толькі дзесяць працэнтаў ад сабекошту.
Нашу гутарку з работнікам зернетока Вольга Новік, што на раздачы, амаль не слухае. Рукі заняты справай – жанчына адкручвае мацаванні на 15-літровых тэрмасах. Алег Насон таксама без справы не стаіць – раздае аграрыям лыжкі.
– Смачна есці! – традыцыйна жадаюць Вольга і Алег, а пераростаўцы ім адказваюць стройным стукам лыжак аб дно супавых місак.
Падыходзячы за другім і трэцім, Аляксандр Кашпур акуратна складвае кантэйнер са смятанай і булачку ў цэлафанавы пакецік.
– Унучцы занясу, – усміхаецца мужчына. – Гасцінцы мае са жніва вельмі любіць. Калісьці мне тата заўсёды падчас уборачнай дадому прыносіў «падаруначкі ад зайчыка».