Калі гуляеш па Добрушы летам, пастаянна заўважаеш дзве катэгорыі гараджан: веласіпедыстаў і рыбакоў. Прычым сярод апошніх, як ні дзіўна, нямала жанчын. Таму спыталі і ў моцнай, і ў прыгожай паловы чалавецтва, як часта яны рыбачаць і ў чым плюсы такога хобі?
Міхаіл ЛАПУНОЎ, пенсіянер, Жгунская Буда:
– Палюбіў рыбалку яшчэ вось такім карапузам (паказвае рукой метр ад долу). Куплялі з сябрамі ў мясцовага прадаўца набор кручкоў, леску, а вудзільна рабілі з арэхавага прута. Здаецца, і рыбы было болей, прычым драпежнікі амаль на вуду не траплялі. У асноўным карась, плотка.
Рэдка калі выязджаю далёка. Часцей лаўлю малькоў у мясцовых азёрах. Іх у Жгунскай Будзе тры: Стаў, Амосава возера і Трохкутнік.
Вольга АЎСЯННІКАВА, прадавец, Добруш:
– Такі адпачынак – не маё. Хаця некалькі разоў з роднымі на беражку Іпуці адпачывала.
Мне падабаецца не сам працэс выцягвання ўлову. Калі прыязджаю на рэчку, гэта больш пра любаванне прыродай, цішыню, смачны абед на свежым паветры. Здымкі для сямейнага альбома таксама можна зрабіць. Карацей кажучы, рэлакс для душы.
А вось мая малодшая сястра – рыбачка. Часта займаецца пільнаваннем рыбы сваёй мары. І, галоўнае, што ў яе атрымліваецца. Малайчына!
Надзея БУРАВА, брыгадзір будаўнічай брыгады, Баршчоўка:
– Муж мой Генадзь – сапраўдны фанат гэтага баўлення часу. А я так, за кампанію часам магу з’ездзіць з ім.
Часцей ловім рыбу на возеры ў Васільеўцы. Не скажу, што там водзяцца якія-небудзь вялікія ці экзатычныя экзэмпляры, але на ўху ці пасмажыць у муцэ заўсёды хапае.
Калі ўсё ж бяру спінінг у рукі, у душы прачынаецца азарт: хто трапіць на кручок у гэты раз, колькі будзем чакаць? Але ўсё ж мне бліжэй іншы адпачынак – збор грыбоў. Дарэчы, не менш цікавы занятак, чым рыбалоўства.
Раман ПАНКОЎ, работнік Добрушскага бюро дзяржагенцтва па рэгістрацыі і зямельным кадастры:
– Хаджу на рыбалку амаль кожны дзень. Без жартаў. Падабаецца вельмі! І на лодцы выходжу на Іпуць, і з берага лаўлю. Лепшае месца – на рэчцы каля дач на былым Цагляным. Там трапляюцца сом, шчупак, плотка.
Дарэчы, сам рыбы ем мала. Прыцягвае менавіта працэс. Аднойчы з братам на два дні з начоўкай заставаліся каля вады. У той раз я злавіў шчупака вагой 7 кг.