Дабрушанкі Валерыя Грыцкова і Рэгіна Алейнікава сталі медалісткамі II Гульняў краін СНД у кіданні кап’я

  • 2023-08-10 09:22:15
  • Ольга САВИЦКАЯ

Спаборніцтвы па гэтым відзе праграмы праходзілі ў Мінску на стадыёне «Дынама». Там жа, дзе на працягу двух мінулых тыдняў праходзілі трэніровачныя зборы кідальнікаў кап'я. 


Церахаўчанка Валерыя Грыцкова адправіла снарад на 53 метры і з вялікім адрывам абагнала сваю галоўную канкурэнтку Рыану Хроз. Наша зямлячка апярэдзіла прадстаўніцу Расійскай Федэрацыі амаль на сем метраў. 


Трэці радок у табліцы спаборніцтваў таксама займае імя ўраджэнкі Добрушскага раёна. Вынік Рэгіны Алейнікавай з Крупца – 42 метры 2 сантыметры. 


Трэніруе абедзвюх медалістак педагог раённага цэнтра дадатковай адукацыі Уладзімір Куліненка. Ён жа стаў адным з першых, хто павіншаваў лёгкаатлетак з самым значным дасягненнем на іх спартыўным шляху. 


– Дзякуй усім, хто падтрымліваў, тэлефанаваў, пісаў у сацыяльных сетках добрыя словы, – гаворыць суразмоўнік. – Мы ішлі да золата і бронзы Гульняў праз сотні заняткаў, гадзіны адпрацоўкі кожнага руху. Вядома ж, задаволены вынікамі. Але я веру, што гэтыя ўзнагароды стануць толькі першай прыступкай у яскравай кар’еры маіх выхаванак. 


Самі дзяўчаты пасля перамогі паспелі і парадавацца, абдымаючы родных, і даць першыя ў жыцці інтэрв’ю сталічным тэлеканалам і інфармагенцтвам. 
 

Будучую кар’еру натхнёныя Гульнямі дабрушанкі таксама хочуць звязаць са спортам. З новага навучальнага года яны плануюць сесці за парты Гомельскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву.


Ведаючы, як для спартсмена важна, каб яго падтрымлівалі родныя, сям’я Валерыі Грыцковай 7 жніўня была на трыбунах стадыёна «Дынама». Маці, бацька і нават 10-гадовы брат Кірыл. Хлопчык займаецца футболам. Гаворыць, што прыклад старэйшай сястры кожны раз матывуе яго да старанных трэніровак і пераможных матчаў. 


Добра выступілі на II Гульнях краін СНД і дабрушанкі, якія трэніруюцца ў спецыялістаў раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Наша надзея ў скоках у даўжыню Паліна Барэйка завяршыла выступленні на міжнародных стартах чацвёртым месцам. 


Такі ж, чацвёрты, вынік у лёгкаатлеткі Кацярыны Ананчанка, што бароніць гонар Беларусі ў штурханні ядра. Толькі 23 сантыметры не хапіла ёй да бліжэйшай саперніцы па зборнай Наталлі Скрабец. Таксама Кацярына прымае ўдзел у спаборніцтвах па кіданні дыска. 
 

Последние новости