У міжсезонні на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў раёна шматлюдна. Яно і зразумела: наперадзе – пасяўная, значыць, усе трактары і агрэгаты павінны быць адрамантаваны задоўга да яе пачатку.
– Ад стану тэхнікі будуць залежаць і тэмп сяўбы, і яе якасць, – расказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Яўген Чарняўка. – Немагчыма дапусціць прастояў і замаруджвання. Падмурак будучага ўраджаю закладваецца ўжо сёння. У мехмайстэрнях.
Па словах суразмоўніка, з 576 трактароў і агрэгатаў рамонту падлягаюць 128 адзінак. Напрыканцы мінулага года з бюджэту на гэтыя мэты было выдаткавана каля 240 тысяч рублёў. Тым не менш, працэс пастаноўкі тэхнікі на лінейку гатоўнасці ў гаспадарках ідзе па-рознаму.
– Флагманам з’яўляецца «Добрушскі райаграсэрвіс», дзе штодзень работа літаральна кіпіць, – кажа Яўген Чарняўка. – Добрыя тэмпы назіраюцца ў «Калінінскім», «Завідаўскім», «Кузьмінічах». У аўтсайдарах пакуль механізатары з агракамбіната «Новы шлях» і сельгаспрадпрыемства «Крупец».
Газетчыкі наведалі мехдвор «Новага шляху». Нельга сказаць, што работа тут спынілася. У майстэрні – некалькі чалавек, разабраныя трактары і агрэгаты.
– Заканчваем рамонт дыскатара і плугоў, – расказвае галоўны інжынер гаспадаркі Артур Лашч. – На чарзе яшчэ два плугі, сеялка «Хорш», трактары. Тэмпы стрымлівае тое, што большасць механізатараў знаходзіцца ў водпусках, ды і фінансавання пакуль не хапае, каб усё рабіць аднамаментна. З дробнымі і таннымі дэталямі праблем пакуль няма, а калі спатрэбіцца нешта дарагое, даводзіцца чакаць.
Механізатар Сяргей Шырокі, які нешта разбіраў у кабіне свайго «Беларуса», пацвярджае:
– Вось размеркавальнік зламаўся, пакуль зніму, даставяць новы. Пастаўлю на месца – і ў работу. Усе дробныя паломкі рамантуем самі. Задзейнічаны на падвозцы кармоў на ферме, таму тэхніка павінна быць у рабоце штодня.
Па словах галоўнага інжынера, тэмпы рамонту павялічацца з выхадам з водпускаў механізатараў. Пры ўмове стабільнага фінансавання тэхніка выйдзе ў поле ў вызначаны тэрмін у 100-працэнтным складзе.