Трэці год у сельгаспрадпрыемстве «Баршчоўскі» асвойваюць тэхналогію кансервацыі кукурузнага зерня

  • 2022-10-24 14:55:00
  • Наталья НЕСТЕР

Шлях, які зерне робіць з поля да месца закладкі, стаў карацей за традыцыйны спосаб перапрацоўкі. Журналісты «ДК» даведаліся, якія навінкі падрыхтавалі аграрыі для жывёлы.

– Частку кукурузы кансервуем. Толькі не ў слоікі пакуем, а ў поліэтыленавы рукаў. У яго ўмяшчаецца каля 60 тон сыравіны, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Васіль Гарэлікаў. – Жывёле вельмі падабаецца такі від корму.

Бурштынавае зерне з палёў разгружаецца прама на мехдвары гаспадаркі. У апрацоўку яно трапляе, мінуючы зернесушыльны комплекс. Гэта дае істотную эканомію на энергарэсурсах, і пры гэтым вільготнасць не перашкаджае закладцы на кансервацыю.

– Пры традыцыйным доўгатэрміновым спосабе захоўвання кукурузнае зерне трэба высушыць. Пры гэтым губляецца яго маса, – расказвае аграном. – Заклаўшы ў бункер дзесяць тон, пасля праходжання цыкла прасушвання атрымліваеш сем. Закладка ў рукавы не патрабуе такіх намаганняў.

Стаўку на эканамічнасць у гаспадарцы зрабілі тры гады таму. Адчулі і другія перавагі рукавоў. Адзін з іх – эканомія месца. Поліэтыленавая стужка хоць і дасягае ў даўжыню некалькі дзясяткаў метраў, з ёй нескладана ўпраўляцца. Галоўнае – сачыць за цэласнасцю ўпакоўкі. Праз некалькі месяцаў – столькі неабходна пачакаць для працэсу кансервацыі зерня – кукуруза будзе выкарыстана як кампанент камбікорму.

Аднак перш чым патрапіць на захаванне і стаць карыснай пажыўнай масай, зярняткі трэба падрыхтаваць. Кожнае механізатар Віктар Аўсяннікаў прапусціць праз плюшчылку. Магутны млын зробіць масу лёгказасваяльнай, а самі зярняткі стануць падобныя на кукурузныя шматкі.

Аднак такім чынам у «Баршчоўскім» нарыхтуюць толькі малую частку намалочанага зерня. Астатняя будзе апрацоўвацца традыцыйнымі спосабамі.

Зялёная маса ў асноўным змалочана і закладзена ў траншэі на сілас. У гаспадарцы амаль справіліся з гэтым заданнем: з неабходных 17 тысяч тон засталося закласці ўсяго адну тысячу.

Парадаваў баршчоўскіх аграрыяў і намалот кукурузнага зерня. Пры сёлетніх няпростых умовах атрымліваюць 75 цэнтнераў з гектара.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости