Увосень работ восем, заўважалі пра верасень нашы продкі. Нягледзячы на завяршэнне ўборачнай кампаніі, гаспадарчых спраў менш не стала. На парадку дня – і ўборка кукурузы на сілас, і падрыхтоўка да сяўбы азімых. Актыўнымі тэмпамі вядзецца ў раёне корманарыхтоўка.
Па звестках упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аграрыі раёна на чвэрць справіліся з заданнем па закладцы сіласу. Асноўная кармавая адзінка – кукуруза. Яе спяшаюцца ўбраць у неабходнай стадыі спеласці, каб па максімуме захаваць у раслінах неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы. У халодны час года яны забяспечаць неабходную для росту жывёлы энергію.
Абмежаваныя агратэхнічныя тэрміны правядзення работ не даюць аграрыям раёна часу для раскачкі. Цяпер любая дапамога – своечасовая, тым больш, калі задзейнічана энерганасычаная тэхніка. Механізаваны атрад, некалькі год таму створаны ў «Церахоўскім аграхіміку», не прастойваў ні дня. Пра гэта «ДК» паведаміў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Бялоў.
– І цяпер на некаторыя віды тэхнікі ёсць чарга, – адзначыў ён. – З 23 трактароў, што ў нас на балансе, штодня ў полі – не менш за 20.
Механізатары «Аграхіміка» працуюць на палетках усіх гаспадарак раёна, акрамя «Завідаўскага». Найбольш часта яны запатрабаваныя сельгаспрадпрыемствамі «Красная Буда», «Уцеўскае», «Церахоўка-Агра».
– Верасень – самы гарачы час для нас, – адзначае Дзмітрый Бялоў. – Віды работ наслойваюцца адзін на другі. Да таго ж ёсць навукова абгрунтаваныя тэрміны іх правядзення. Своечасовая сяўба азімых у многім гарантуе добры ўраджай у наступным годзе. Таму цяпер памочнікі нарасхват. Папярэднія заказы распісаны прыкладна на тыдзень. Адзін трактар, дарэчы, дапамагае на ўборцы лёну ў Кармянскім раёне. Самы вялікі попыт – на дыскаванне, правядзенне мер хімічнай аховы, унясенне мінеральных угнаенняў. Актыўна дапамагаем вазіць зялёную масу для корманарыхтоўкі.