На полях агрокомбината «Новый путь» работают два экипажа отцов с сыновьями

  • 2023-07-22 13:40:00
  • Сергей ЧАЙДАК

Магутны GS-12 з надпісам «Падарунак холдынга «Гомсельмаш» сёлета ўдзельнічае ў жніве ў другі раз. У мінулым годзе Леанід Кавалёў з сынам Данілай намалацілі на ім больш за тысячу тон зерня і сталі срэбранымі прызёрамі раённа - га спаборніцтва сярод аграрыяў.

– Да рэкордаў не імкнёмся, але сваю справу робім на сумленне, – гаворыць Леанід. – Летась збожжа і ў Ігаўцы, і ў Церахоўцы ўбіралі. Адсюль і намалоты. Не адмовімся і зараз дапамагчы, калі прапануюць.

Суразмоўнік – адзін са старажылаў агракамбіната. Ураджэнец Добруша яшчэ ў 1988 годзе згадзіўся на прапанову калегі па футбольнай камандзе Пятра Шараева пераехаць у вёску. І не прагадаў: атрымаў ад гаспадаркі дом і ўжо амаль 35 год працуе тут механізатарам.

– Асвоіў усе віды трактароў – ад гусенічных да калёсных, – расказвае ён. – А год 14 таму вырашыў і з зернеўборачным камбайнам «пасябраваць». Умець руль круціць – адна справа, адчуваць тэхніку – зусім іншая. У мяне атрымалася.

Тое, што Леанід з агрэгатамі, як кажуць, на ты, бачна з першага позірку. Дастаткова паназіраць, з якой акуратнасцю ён чысціць камбайн. Кажа: новыя пакаленні тэхнікі ўсё складаней, але не ў гэты раз. На яго GS і камп’ютар лепшым аказаўся, і рухавік айчыннай вытворчасці: просты і рамонтапрыгодны.

Не адстае ад бацькі і 19-гадовы Даніла. З паняццем здымае кажухі, падцягвае рамяні. Выпускнік добрушскага каледжа прыйшоў у гаспадарку зваршчыкам. На летні сезон ужо другі раз пераходзіць на камбайн памочнікам.

– І працаваць цікава, і заробак вышэй, чым у майстэрні, – прызнаецца ён. – Да таго ж, восенню ў армію прызавуць. Будзе на што провады арганізаваць.

Пакуль памочнік ставіць на месца абліцоўку камбайна, Леанід расказвае пра сёлетнюю пасяўную. Маўляў, усе палеткі зерневых аб’ездзіў. Уносіў мінеральныя ўгнаенні, кукурузу сеяў. У актыве – амаль 2 тысячы гектараў.

– І пасяўная, і ўборачная кампаніі ў гэтым годзе арганізаваны на высокім узроўні, – кажа ён. – Ні з палівам дэфіцыту не было, ні з угнаеннямі, ні з насеннем. Надвор’е толькі падкачала. Ды і сёння не радуе. Даводзіцца «лавіць вокны» і кожную цёплую хвіліну выкарыстоўваць з карысцю.

Між тым, памочнік заканчвае агляд вузлоў і механізмаў і ківае галавой. Камбайнер займае месца за рулём. Гудзіць рухавік, апускаецца жатка. Працэс пайшоў. Першыя кілаграмы пшаніцы ў дадатак да намалочаных сямейным экіпажам Кавалёвых раней 200 тон азімага ячменю паліліся ў бункер.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости