Хозяйства Добрушского района готовятся к жатве

  • 2021-06-25 16:45:00
  • Наталья НЕСТЕР

Да пачатку жніва застаецца не больш за тыдзень. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, уборку рапсу мяркуецца распачаць у першыя дні ліпеня. Журналісты «ДК» пацікавіліся, як вядзецца падрыхтоўка да жніва ў гаспадарках раёна.

…Прыемная карціна – на мехдвары сельгаспрадпрыемства «Уцеўскае». З рамонтнага ангара выязджае ўжо трэці па ліку зернеўборачны камбайн.

– На жніве будуць задзейнічаны пяць камбайнаў. У поле яны могуць адправіцца хоць сёння. Таму ў падрыхтоўцы да напружанай работы дробязяў няма, – заўважае галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства Уладзімір Атаманчук.

Спецыяліст не ўтойвае: добры стан тэхнікі – заслуга замацаваных за ёй механізатараў. Называе імёны «цудоўнай пяцёркі»: Дзмітрый Сарокін, Аляксандр Марфушкін, Уладзімір Асадчы, Анатоль Прафацілаў, Віталь Рабчанка. Калі здараецца паломка ў полі, могуць усе разам сабрацца на дапамогу, кажа інжынер. Таму і атрымліваецца, што з адносна новымі камбайнамі ў страі «ветэраны» 2008 года выпуску.

Падрыхтоўчыя работы вядуцца ў кожным сельгаспрадпрыемстве раёна.

– На жніве ў раёне будуць заняты 73 камбайны, – кажа намеснік начальніка райсельгасхарчу Сяргей Даманцэвіч. Работы па зняцці іх з захавання і рамонце вядуцца адначасова з іншымі відамі работ. Як і вырашэнне кадравага пытання. Як і ў мінулыя гады, памочнікамі хлебаробаў стануць у гарачы час работнікі чыгункі, выратавальнікі, прадстаўнікі іншых прафесій.

Хоць заўтра выехаць на палеткі гатовы ўжо трэць. Прычына слабага тэмпу работ тлумачыцца лагічна: камбайнеры заняты на корманарыхтоўцы. З яе завяршэннем тэмпы правядзення рамонта істотна ўзрастуць.

– Асноўная задача, якую кіраўніцтва раёна паставіла перад аграрыямі, – паўтарыць мінулагодні поспех. Летась дабрушане аднымі з першых у вобласці завяршылі ўборку зерневых, – адзначыў Сяргей Даманцэвіч.

Як наладжаны быт работнікаў, пракантралявалі прафсаюзныя актывісты. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Прыходзька заўважыў: ва ўсіх гаспадарках наладжана гарачае харчаванне работнікаў.

– А ў перыяд масавай уборачнай кампаніі яно будзе двухразовае, – паведаміў ён.

Абеды і вячэры для камбайнераў і вадзіцеляў будуць гатаваць усяго чатыры сталовыя. Значная нагрузка – на повараў з Ігаўкі. З ранняй вясны яны штодня адпраўляюць на палеткі Ігаўкі, Жгуні, Дубовага Логу, Крупца, Кузьмініч, Кармы 150 порцый абедаў, паведаміла загадчыца сталовай Святлана Дорашава. Да прыгатавання гарачага харчавання ўдзельнікаў жніва далучыліся спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў «Баршчоўскі», «Красная Буда», «Завідаўскае».

– Амаль цалкам кошт харчавання для ўдзельнікаў жніва кампенсуюць сельгаспрадпрыемствы, – адзначыў Сяргей Прыходзька.

Фота з архіва рэдакцыі

Последние новости