Главный агроном КСУП «Крупец» Наталья Билотос - о труде человека на земле

  • 2021-11-18 08:30:00
  • Людмила ПИСКУНОВА

Формула ўраджайнасці

Кубачак кавы з раніцы – і яна ўжо ў кабіне службовай “Нівы”. Сама, праўда, пакуль не адважылася кіраваць тэхнікай. Хоць пра сельскагаспадарчыя машыны ведае нямала. Між іншым, новая тэхніка прыбывае ў “Крупец” штогод: грашовая выручка ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства абнаўляць парк у нейкай меры дазваляе. І ўсё ж, на думку галоўнага агранома, адчуваецца недахоп энерганасычаных трактароў.

– Нядаўна набылі новую пратручвальную машыну – не нарадуемся, – заўважае Наталля Іванаўна. – Гэта ж незаменная памочніца! Толькі на пакупку пайшлі ўсе грошы, атрыманыя ад продажу насення грэчкі.

Між іншым, пасяўны матэрыял, які выкарыстоўваюць крупецкія аграрыі, у асноўным, набыты – “эліта” і “суперэліта”.

Не заблудзіцца на гектарах

– Нам патрэбен вынік, а не марныя затраты, – кажа галоўны аграном.

І хуценька нацягвае на ногі гумавыя боты, схаваныя за шафай кабінета.

Трэба аб’ехаць палеткі, пракантраляваць, ці ўсе заданні выканалі трактарысты ўчора і наколькі якасна. Хаця ўборачныя работы завершаны, а сабраны ўраджай даўно “адпачывае” ў сховішчы, траншэях і буртах, работы ў полі працягваюцца. Узнімаецца зябліва, уносіцца арганіка пад яравую сяўбу… Усюды неабходны догляд дасведчанага спецыяліста. Іншы раз, жартуе галоўны аграном, не пашкодзіла б яшчэ пара вачэй.

Дарэчы, у сваіх “уладаннях” Наталля Білотас нават ноччу зарыентуецца. Мясцовая жыхарка, звыш за 30 год у гаспадарцы. Напачатку ж, прыгадвае, крупецкія палі адшуквала па спецыяльнай карце.

– Поле першага севазвароту, напрыклад, знаходзіцца за фермай “Паўднёвая”, – тлумачыць галоўны спецыяліст. – Работнікам такі арыенцір зразумелы.

Агранамія ў тэорыі і на практыцы

За чатыры гады працы галоўным аграномам яна добра навучылася знаходзіць агульную мову з механізатарамі. Але словы часам бываюць не патрэбны. Дастаткова выразнага позірку або жэсту. Гэта і нядзіўна: большасць вадзіцеляў і трактарыстаў працуюць у гаспадарцы па некалькі дзясяткаў год. Моладзь, на жаль, у вёсцы заставацца не жадае. Адкуль і калі ў яе з’явілася прыцягненне да роднай зямлі? Сама ж Наталля Білотас атрымала прафесію агранома ў тэхнікуме. Вярнулася працаваць на малую радзіму, праўда, не па спецыяльнасці. Калі прызначылі галоўным аграномам, вырашыла паступіць у акадэмію. Неўзабаве пераканалася: тэорыя нярэдка разыходзіцца з рэальнасцю. Прыродныя фактары немагчыма загадзя прадбачыць.

– Асабліва ім падуладная кукуруза, – дзеліцца назіраннямі Наталля Білотас. – Але ж у вырошчванні яна найбольш затратная.

У цэлым жа, на думку суразмоўніцы, сёлетні год для гаспадаркі выдаўся неблагім. Ураджайнасць зерневых – больш за 40 цэнтнераў з гектара – лепшы паказчык у раёне. Кармоў для статку назапашана столькі, што можна будзе і з суседзямі падзяліцца. Недарэмна ж шчыравалі з раніцы да вечара. Пад наступны ўраджай таксама добры задзел зроблены. За ўсходы пшаніцы, рапса, трыцікале спецыяліст не хвалюецца. Яе думкі сёння больш пра тое, ці ўзыдзе азімы ячмень, які гэтай восенню пасеялі дзеля эксперыменту. Культура вельмі патрабавальная: баіцца маразоў, без дастатковага снежнага покрыву можа загінуць… Але кіраўнік гаспадаркі Алена Мажанава такую ідэю ўхваліла.

Ёсць у Наталлі Білотас і іншыя планы. Напрыклад, вырошчваць у Крупцы сланечнік. Наогул жа, поле для яе прыгожае ў любы час. І толькі ўзаранае, і калі яно зазелянела, і з набрынялым калоссем збажыны.

– Сваю прафесію люблю, – заўважае суразмоўніца. – Хаця нярэдка да поспеху даводзіцца ісці праз церні.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости