Уцеплены рабочы касцюм і высокія боты. Нават глыбокай восенню Уладзіслаў Пухоўскі не можа сабе дазволіць закрыцца ў адміністрацыйным будынку і займацца выключна «папяровай» работай.
– Нават у лістападзе працягваем у гаспадарцы сезонныя справы, – расказвае суразмоўнік. – Узнімаем зябліва, падрыхтоўваем камбайны і трактары да наступнага года, дапрацоўваем сабранае кукурузнае зерне.
За пяць гадоў у «Абароне» малады спецыяліст «дарос» да адказнай пасады. Ці было гэта марай? Не, хутчэй патрэбай праявіць свае веды, атрымаць практычны вопыт, стаць неад'емнай часткай калектыву, які прыняў і падтрымаў.
Усяго ж на сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемстве працуюць шасцёра маладых спецыялістаў. Акрамя таго, што моладзь шчыруе плячо ў плячо, дык яшчэ і жывуць яны побач, у службовых дамах.
– Вядома ж, маем зносіны. Але выключна сяброўскія. Сям’ёй пакуль не абзавёўся, – пасміхаецца малады аграрый. – Ды і няма калі, зямля патрабуе ўсёй маёй энергіі. Таксама многаму вучыць: адказнасці, увазе да дробязяў.
Вось і сёння Уладзіслаў Пухоўскі збіраецца на палетак. Хоча праверыць, як растуць азімыя. Агляд сцяблін і каранёў паказвае: развіццё пасеваў ідзе згодна норме.
– Хаця падчас пасяўной і ўборачнай работнікі гаспадарак і спаборнічаюць паміж сабой, усе разам мы робім адну справу – кормім землякоў, – напамінае галоўны аграном. – Таму напярэдадні прафесійнага свята не толькі сабе, але і ўсім добрушскім земляробам жадаю, каб азімыя шчоткай стаялі. Будуць зерневыя, будзе і дабрабыт.