Не лета, а восень для працаўнікоў вёскі – самы гарачы час года. Адначасова ў раёне вядуцца корманарыхтоўка, уборка кукурузы на зерне, ворыва, зябліва, нарэшце, сяўба азімых культур. Размеркаваць сілы правільна – сапраўдная навука, бо кожную з работ неабходна завяршыць своечасова.
– Рэкамендуемыя тэрміны для сяўбы зерневых заканчваюцца ў першай дэкадзе кастрычніка. Гадоў 30 таму, калі пачынаў працаваць аграномам, завяршалі да 25 верасня, – расказвае галоўны аграном агракамбіната «Новы шлях» Віктар Амельчанка. – Устойлівае цёплае надвор’е дазваляе сеяць і сфарміраваць у раслін неабходную для камфортнай зімоўкі каранёвую сістэму.
У агракамбінаце сяўба азімых толькі дасягнула экватара. У бункеры сеялкі – пшаніца, жыта, трыцікале. Пад азімыя ў гаспадарцы адведзена больш за паўтары тысячы гектараў.
– Адной засыпкі насення ў бункер хапае на гадзіну і дваццаць мінут працы, – кажа механізатар Ігар Кірыленка. – Загружацца даводзіцца даволі часта, таму ўвесь дзень працуем з напарнікам Мікалаем Фешчанкам. У полі – мінімум да 19 гадзін. Сеялка ў гаспадарцы адна, а плошчаў шмат.
Па раёне пад азімыя адведзена больш як 18,5 тысячы гектараў. Засеяны ўжо амаль 10 тысяч. У дзень гаспадаркі апрацоўваюць да 340 гектараў плошчаў. У сельгаспрадпрыемствах «Уцеўскае», «Завідаўскае» сяўбу завяршаюць. Добрыя тэмпы работ у гаспадарках «Кузьмінічы», «Добрушскі райаграсервіс», «Калінінскі». Як адзначылі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, аграрыям пастаўлена задача выканаць гэту задачу да 14 кастрычніка.