Хто падставіў плячо сельгаспрадпрыемству «Абарона» ў веснавых клопатах

  • 2024-04-13 15:00:00
  • Ольга ГЛЫЗИНА

Сёння ў гаспадарцы важны дзень. Як і ўвесь перыяд веснавой сяўбы, гаворыць галоўны аграном Уладзіслаў Пухоўскі.

– Трэба выканаць план, – тлумачыць суразмоўнік. – Задача зразумелая, але ад таго не меней складаная. Прырода таксама дадае неспадзяванак. Напрыклад, некаторыя палеткі, што рыхтавалі пад яравыя, яшчэ ў вадзе. Трактар грузне. Таму, не марнуючы часу, пераязджаем на падсохлыя карты.

Каб на свае вочы пабачыць, аб чым гаворыць спецыяліст, накіроўваемся на мяжу з Расіяй. Там побач шчыруюць некалькі сеялак. З «Новага шляху» і з «Крупца». Аказалася, «Крупец» сее авёс не сабе, а суседняму сельгаспрадпрыемству «Абарона».

– Свае плошчы засеялі, трэба і калегам дапамагчы, – гаворыць механізатар Віктар Шустаў. – З 1986 года ў гаспадарцы, таму дакладна скажу: узаемадапамога на сяле была заўсёды. Сёлета ў нас усё склалася: і машыны адпрацавалі без збояў, і зямлю своечасова ўзаралі, таму на зварот аб дапамозе старшыня адразу ж сказала: «Віктаравіч, наперад!» І я тут.

Працуе крупецкі аграрый у тандэме з кармянцам Сяргеем Гаўрыленкам. Ён займаецца падвозкай насення. Каб бункер сеялкі быў поўны, за змену не раз нарэжа кіламетры да зернясховішча.

– Гатовы і да змяркання працаваць, – запэўнівае вадзіцель. – Разумею, што зараз самы адказны час.

Сваіх механізатараў і тэхніку накіраваў на палеткі кармянцаў і «Калінінскі», на ўнясенні ўгнаенняў шчыруюць спецыялісты «Церахоўскага аграхіміка».

– Паралельна з пасяўной у нас працягваюцца іншыя веснавыя работы на палетках: ворыва пад сяўбу кукурузы, культывацыя глебы. Падсяваем і шматгадовыя травы, – распавядае Уладзіслаў Пухоўскі. – Новаўвядзенняў тут не плануем. Культуры знаёмыя і правераныя: люцэрна, цімафееўка…

Напаследак цікавімся ў работнікаў: што падтрымлівае іх фізічныя сілы і душэўны настрой?

– Да шпаркага тэмпу веснавых работ усе мы звычныя, – гаворыць Віктар Шустаў. – Падсілкуешся ў абед гарачанькім і можна зноў за руль. А лепшая музыка для мяне – гук спраўнага матора.

Последние новости