Умелец из деревни Круговец-Калинино Добрушского района рассказал, как оживить дерево

  • 2019-03-21 16:50:29
  • Наталья НЕСТЕР

Павольная плынь ліній, выразны погляд міфічных істот. Не верыцца, што гэтыя цуды кругаўчанін Мікалай Гардзіенка (на здымку) знаходзіць літаральна пад нагамі. Выкарчаванае або спілаванае дрэва для яго – цудоўная знаходка і крыніца натхнення. З каранёў і сучкоў майстар вырабляе самыя неверагодныя  рэчы. У кожнай з іх два аўтары: прырода і чалавек.
Выстава работ Мікалая Гардзіенкі ў гэтыя дні ўпрыгожвае гарадскі Церахоўскі Дом культуры. Яго работнікі кажуць: яна карыстаецца папулярнасцю ў пасялкоўцаў любога ўзросту. Няма на дыскатэцы чалавека, які б не сфатаграфаваўся ў плеценым лакіраваным капелюшы, вырабе майстра.
У сваіх захапленнях Гардзіенка не раз звяртаўся да творчасці. Спрабаваў пісаць карціны. Аднак вялікае задавальненне, прызнаецца, атрымлівае ад работы з дрэвам. У яго руках сухое бервяно набывае другое жыццё.
У панядзелак вясковаму ўмельцу споўнілася 78 год. Да сустрэчы з карэспандэнтамі ён і сам не ведаў, як называлася мастацтва, якому ён прысвячае ўвесь вольны час амаль чвэрць стагоддзя. Каранепластыкай сантэхнік і тэхнік-будаўнік геазнакаў па прафесіі заняўся выпадкова. Назіраў, як пілавалі ліпы ды таполі і не змог прайсці міма мудрагелістых каранёў і галля.
– Тады мне было ўжо каля 50-ці. Аднак імкнене нешта ствараць – з дзяцінства. Першыя былі выявы кароў, намаляваныя крэйдай на печы, – расказвае майстар. – Нават спрабаваў паступіць у хойніцкую школу для адораных дзяцей.
20 год Мікалай Іванавіч жыве ў Кругаўцы. Лічыць гэта месца сваёй радзімай. Аднак у сэрцы мастака і другая вёска, у сямі кіламетрах ад успетай у палескай трылогіі “Людзі на балоце”. Яго малая радзіма – такія ж непраходныя месцы, як мележаўскія Курані. У хатцы, што стаяла на ўлонні прыроды, і выхаваўся талент творцы.

– Люблю прыроду, жыву ёй. У дрэвах захавана незвычайная прыгажосць, – распавядае сваю філасофію майстар. – Знайсці ўдалы матэрыял – амаль палова справы. Форма закладзена прыродай. Трэба толькі раскрыць яе.


Круглы год ён штодня прыходзіць у лес. Праўда, пакуль нарваць арэшніку для коз. І для свайго таленту знайшоў практычнае прымяненне – пляце кошыкі. Аднак, прызнаецца, калі  ўбачыць цікавы матэрыял – абавязкова прынясе дадому. Там з дапамогай мінімуму інструментаў з жывой тканіны дрэва і нараджаюцца рыцар, пітон, міфічныя жывёлы і расліны.
– Люблю прыроду, жыву ёй. У дрэвах захавана незвычайная прыгажосць, – распавядае сваю філасофію майстар. – Знайсці ўдалы матэрыял – амаль палова справы. Форма закладзена прыродай. Трэба толькі раскрыць яе.
Колькі выканаў работ, мастак не можа сказаць нават прыблізна. Ажыўленая драўніна ўпрыгожвае інтэр’ер кватэры сына-масквіча, многіх яго знаёмых.
Мікалай Іванавіч марыць перадаць сваё ўменне дзецям. Хоць дыплома аб спецыяльнай адукацыі няма, Мікалаю Іванавічу некалі прапанавалі весці творчыя заняткі для кругавец-калінінскіх рабят. Ідэя не атрымала працягу.  Прызнаецца, пакуль ёсць творчыя сілы, хоча ўзяцца за справу з задавальненнем.
Наталля ХАДУНЬКОВА
Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости