У «Церахоўскім аграхіміку» да вясновых работ гатовы

  • 2024-03-17 15:00:32
  • Наталья НЕСТЕР

Добрай навіной падзяліўся кіраўнік Дзмітрый Бялоў.


Аналагаў аграхімічнаму прадпрыемству, як высветлілася, няма не толькі ў нашым раёне – ужо некалькі год церахоўскія спецыялісты бяруць клопат пра землі суседняга Веткаўскага раёна.


– Нядаўна, дарэчы, распачалі ўнясенне вапны ў забруджаную радыенуклідамі глебу. Гадавы план – каля 1700 гектараў у нашым раёне і 980 – у суседнім, – кажа суразмоўнік. – Пра хуткае наступленне сезону сведчаць і распісаныя на бліжэйшыя тыдні заказы тэхнікі. Нашы механізатары будуць дапамагаць рыхтавацца да сяўбы аграрыям пяці гаспадарак. Самыя запатрабаваныя віды работ – дыскаванне і ворыва. Летась яны сумарна праведзены на плошчы больш як 16 тысяч гектараў.


Механізатар Уладзімір Цабеўскі, напрыклад, усяго

за адзін год у прадпрыемстве паспеў ацаніць спецыфіку працы ў ПМС і палеткі некалькіх сельгаспрадпрыемстваў. Самыя дагледжаныя, на яго думку, у «Краснай Будзе». Пакуль не наступіла гарачая пара, Уладзімір, як і іншыя работнікі прадпрыемства, праходзіць медыцынскую дыспансерызацыю. Поўны тэхагляд прайшоў і замацаваны за ім энерганасычаны трактар, у якім ужо амаль усё гатова да будучага сезону.


– У адрозненне ад спецыфікі работы гаспадарак перыяд, калі можна падрыхтаваць тэхніку да працы на наступны сезон, у нас карацейшы – усяго месяц-паўтара. Нават у снежні нашы трактары былі ў палях. І пачынаем таксама аднымі з першых, – кажа Дзмітрый Бялоў.


За шэсць год існавання створаны тут механізаваны атрад займеў рэпутацыю надзейнага памочніка. Больш за дваццаць трактарыстаў і вадзіцеляў па сутнасці працуюць на ўсіх землях раёна і нават за яго межамі. Да новага сезону тут падрыхтаваліся грунтоўна, набылі яшчэ два трактары, якія ўжо апрабавалі ў справе.


На парадку дня цяпер – прыём і выгрузка хімічных угнаенняў, а хутка пачнецца іх унясенне ў глебу. Сёлета, падзяліўся суразмоўнік, гаспадаркі, на балансе якіх ёсць забруджаныя землі, атрымалі грунтоўную падтрымку дзяржавы па Чарнобыльскай праграме. Забяспечанасць іх фосфарна-калійнымі ўгнаеннямі складае больш за палову ад неабходнага, частку гаспадаркі набываюць за ўласныя сродкі. З гэтых каляровых гранулак карыснай «хіміі» і пачынаецца складаны шлях да важкага караваю.

Последние новости