Шестнадцатилетняя Кристина Кирпиченко из Добруша получила максимальный балл на ЦЭ по белорусскому языку

  • 2023-07-10 11:20:00
  • Ольга САВИЦКАЯ

– Думаеце, здаў цэнтралізаваны экзамен па трох абраных прадметах і можна выдыхнуць? Не зусім так, – кажа выпускніца сярэдняй школы № 2 Добруша. – Сёння-заўтра чакаю рэзультаты па гісторыі Беларусі. Гэта хвалююча. Калі прыйшоў час праверыць вынікі па роднай мове, было складана заспакоіць мандраж. Заходзіла ў асабісты кабінет, а ў самой рукі дрыжалі. Пабачыўшы лічбу 100, абрадавалася. Бо гэта не проста «пашчасціла». Гэта праца некалькіх гадоў. Дзякуючы стараннай падрыхтоўцы напісала ЦЭ ледзь не за паўгадзіны. Больш часу пераправярала адказы ў бланку.

Увесь шлях ад першых дзясятак па прадмеце да стобальнага поспеху на ЦЭ з Крысцінай ішла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алеся Кананок. Яе веды, падтрымка і пастаяннае жаданне самаўдасканальвацца перадаліся вучаніцы. Таму Крысціна адразу апынулася на п'едэстале гонару абласной прадметнай алімпіяды, а пасля, на цэнтралізаваным экзамене, стала стобальніцай.

З вышэйшай навучальнай установай, у якой пачне сваё студэнцкае жыццё, юная дабрушанка вызначылася даўно. Нават наведала з бацькамі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт у Дзень адчыненых дзвярэй.

Пакуль будучы перакладчык з нямецкай мовы толькі плануе, што пакласці ў чамадан, з якім адправіцца ў сталіцу. І малюе. Зусім не для таго, каб занатаваць у памяці родныя мясціны.

– Хобі дапамагае прывесці думкі да ладу, сцішыць уласныя перажыванні, – удакладняе дзяўчына. – А яшчэ – упрыгожыць прастору навокал.

Вывучэнне моў – справа няпростая, гаворыць суразмоўніца. Таму ёй, як і кожнаму, патрэбна была творчая аддушына. Крысціна з гонарам дэманструе апошнюю работу – прыгажуню ліску, што прылегла адпачыць. У планах на лета яшчэ некалькі работ, але яны наперадзе. Як і мара, што вось-вось стане явай.

Фота Яўгена УСЦІНАВА

Последние новости