Произведения каких современников читают добрушане, узнали журналисты "ДК"

  • 2023-09-02 15:01:01
  • Ольга САВИЦКАЯ

Аб прываблівым афармленнi ды ёмiстым напаўненні томікаў, чытацкіх густах і кнігах, міма якіх не пройдзеш, пагаварылі з работніцай цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольгай Шаўчэнка.

Нацыянальнае літаратурнае свята набліжаецца. У нядзелю, 3 верасня, беларусы, госці краіны зноў збяруцца разам, каб ушанаваць родную літаратуру і літаратараў. Як год таму ў нашым райцэнтры.

– Было феерычна, – гаворыць Вольга Шаўчэнка. – Чула, што ў Гарадку таксама рыхтуюць цёплы прыём, цікавыя пляцоўкі. І, вядома ж, сэрцам свята стануць кніжныя выставы-продажы. Хочацца, каб нашы аўтары былі запатрабаваны ў чытачоў, бо сярод беларускамоўных выданняў шмат пярлін.

Не ведаеш, што пачытаць з беларускага? Бібліятэкары прапануюць выбраць томік з тэматычнай выставы. Сярод асобнікаў – літаратура дзіцячая і дарослая, розных жанраў і накірункаў. Каюся, большасць прозвішчаў на вокладках для мяне незнаёмыя. Празаікі сучасныя і не маюць ніякага дачынення да школьнай ды ўніверсітэцкай праграм па беларускай літаратуры.

– Трох самых папулярных пішучых аўтараў тут няма. Разабралі, – удакладняе суразмоўніца. – Сярод кніг на мове карыстаюцца попытам міліцэйскія дэтэктывы Мікалая Чаргінца, гістарычныя творы Уладзіміра Гаўрыловіча, прыгодніцкія раманы Сяргея Трахімёнка. Іх навінкі неадкладна трапляюць з друкарняў на нашы палічкі і неўзабаве апынаюцца ў руках наведвальнікаў.

Як аматар прыгажосці, не змагла праігнараваць кніжкі для дзяцей. Яркія вокладкі, буйныя літары, маляўнічыя iлюстрацыі ... Здаецца, стваральнікі пастараліся максімальна падчапіць на кручок цікаўнасці маленькіх чытачоў. А калі выданне яшчэ і пра Добруш...

– Кнігу ад «Аверсэв» «Мой родны край» нам падарыла адна з наведвальніц, – кажа Вольга Шаўчэнка. – Таксама ад чытачоў атрымалі кнігу Івана Шамякіна з яго аўтографам. Дадому такі цэнны асобнік не дадзім, але прадэманструем і раскажам, што з пераліку раманаў земляка і сёння лічыцца актуальным.

Захоўваецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы і невялікая калекцыя міні-кніг. Карманнае выданне «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага ўсяго 20 сантыметраў у даўжыню. Кніжка «Камуністы», дзе на 130 старонках надрукаваны вершы аб партыі, мае памер 7х7 сантыметраў!

Цікава было ўзважыць і самы грунтоўны фаліянт мясцовага кнігасховішча. Нацыянальны атлас Беларусі вагомы ва ўсіх сэнсах: некалькі кілаграмаў паперы і кардону, тысячы фактаў аб Радзіме.

Як зазначыла бібліятэкар, у іх фондах ёсць кніга на роднай мове для кожнага ўзросту і густу. Але штомесяц на палічках з'яўляюцца ўсё новыя і новыя выданні. Значыць, зазначае суразмоўніца, недахопу «білетаў» пад вокладкай, што адправяць вас у падарожжа па Беларусі, не будзе.

Последние новости